Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лагапе́дыя, ‑і, ж.

Навука аб недахопах вымаўлення і іх лячэнні.

[Ад грэч. lógos — слова, мова і paidea — выхаванне, навучанне.]

лагары́фм, ‑а, м.

У матэматыцы — паказчык ступені, у якую трэба ўзвесці лік-аснову, каб атрымаць дадзены лік. Сістэма лагарыфмаў. □ Янча перагортвае табліцу лагарыфмаў і, адшукаўшы патрэбную функцыю вугла, запісвае яе ў сшытак. Васілевіч.

[Ад грэч. logos — адносіны і arithmos — лік.]

лагарыфмава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лагарыфмаваць.

лагарыфмава́цца, ‑муецца; незак.

Зал. да лагарыфмаваць.

лагарыфмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; заг. лагарыфмуй; зак. і незак., што.

У матэматыцы — знайсці (знаходзіць) лагарыфм дадзенага ліку.

лагарыфмі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лагарыфма. Лагарыфмічныя табліцы.

•••

Лагарыфмічная лінейка гл. лінейка (у 2 знач.).

ла́гер, ‑а, м.

1. Часовая стаянка войска ў палявых умовах, а таксама войска, размешчанае такім чынам. Чуўся ціхі шум ротнае лагера ў ляску, ціха гулі галасы. Чорны. Калі Шутаў вярнуўся ў брыгадны лагер, было ўжо за поўнач. Мележ. // Сталае месцазнаходжанне партызан, паўстанцаў. Чорныя праталіны ля зямлянак партызанскага лагера курыліся парай. Лынькоў.

2. Часовае пасяленне, стаянка каго‑, чаго‑н. Лагер лесарубаў прачнуўся з усходам сонца. Машара. Пасялілі [Валерыя] у лагеры палатак, разам з іншымі будаўнікамі. Б. Стральцоў. Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе. Колас. // Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы. — Пакуль свінарнік пабудуем, будзем трымаць маладняк у лагерах, — прапанаваў адзін [член праўлення]. Сергіевіч.

3. Месца ўтрымання ваеннапалонных ці зняволеных. Вясной .. акупанты прадбачліва сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за браты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Брыль. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.

4. перан. Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў. Лагер міру і сацыялізма. □ Міхалка падзяліў людзей сваёй ваколіцы на два лагеры — на ворагаў і прыяцеляў савецкай улады. Бядуля.

•••

Канцэнтрацыйны лагер — месца масавага зняволення і знішчэння барацьбітоў за дэмакратыю і сацыялізм, ваеннапалонных і інш.

Піянерскі лагер — выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для піянераў і школьнікаў у СССР.

[Ням. Lager.]

ла́гернік, ‑а, м.

Разм. Той, хто знаходзіцца ў лагеры (у 1–3 знач.).

ла́герніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да лагернік.

ла́герны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лагера (у 1–3 знач), уласцівы лагеру. Лагерная вучоба. Лагернае адзенне. Лагернае ўтрыманне жывёлы. □ Пад паветкай лагернай канюшні стаіць адзін з запасных коней. Брыль.