зме́на, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. змяняць 1 — змяніць, змяняцца — змяніцца. На змену ночы прыйшоў ясны і спакойны сонечны дзень. В. Вольскі. Рана .. нясцерпна балела перад зменай надвор’я. Мехаў. // Паварот да чаго‑н. новага, які наступіў у кім‑, чым‑н.; перамена. Змену ў [краўцу] заўважыў нават Міхал, які прыйшоў да сям’і. Барсток. Пра змены, якія думала Кавалёва ўвесці ў гаспадарцы, ведалі многія. Дуброўскі.
2. Прамежак часу, пасля заканчэння якога адна група людзей (якія працуюць, вучацца, адпачываюць) зменьваецца другой такой групай. Начная змена. Працаваць у дзве змены. Хадзіць у школу ў першую змену. □ Перад канцом змены Сашу выклікалі ў дырэкцыю завода. Шуцько.
3. Група людзей (якія працуюць, вучацца, адпачываюць), што зменьвае другую такую ж групу пасля заканчэння пэўнага прамежку часу. Змена, стаўшы на пост, рапартуе аб поўнай гатоўнасці стаяць да канца. Брыль.
4. перан. Маладое пакаленне, якое павінна замяніць старэйшых у якой‑н. сферы дзейнасці. Камсамольская змена. Рыхтаваць сабе змену. □ Цяпер з такім замілаваннем гляджу на нашу змену маладую. Дубоўка.
5. Камплект абутку, адзення, якія час ад часу мяняюцца. Дзве змены бялізны. □ — Трэба будзе чаравікі купіць і завезці. Няхай змена будзе. Карпаў.
зменаве́хавец, ‑хаўца, м.
Прыхільнік зменавехаўства.
зменаве́хаўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да зменавехаўца, зменавехаўства, уласцівы ім. Зменавехаўскае прыняцце савецкай улады.
зменаве́хаўства, ‑а, н.
Грамадска-палітычны рух часткі рускай белаэмігранцкай інтэлігенцыі, якая праводзіла ў перыяд увядзення нэпа палітыку супрацоўніцтва з Савецкай уладай у разліку на яе буржуазнае перараджэнне.
[Па назве зборніка «Змена вех», які быў выдадзен у Празе ў 1921 г. групай белаэмігрантаў.]
зме́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад змяніць.
зме́нлівасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць зменлівага. Зменлівасць настрою. Зменлівасць тэмпературы.
2. Здольнасць арганізмаў набываць пад уплывам навакольнага асяроддзя прыметы, якіх не было ў продкаў.
зме́нлівы, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка і часта мяняецца; няўстойлівы. Я задумаўся тады аб шчасці — якое яно бывае зменлівае і нетрывалае. Хведаровіч. Надвор’е, і тое ніяк не ўсталюецца, нібы зрушылася нешта. Зменлівае было і ўзімку, і ўвесну, не лепшае і цяпер. Карпаў.
зме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да змены (у 2, 3 знач.); звязаны з работай па зменах. Зменны інжынер. Зменнае заданне. Зменныя брыгады.
2. Які можна змяніць; які перыядычна замяняецца. Зменнае кола. Зменныя лушчыльныя дыскі.
зме́ншаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад зменшыць.
зме́ншаць, ‑ае; зак.
Зменшыцца, убавіцца (у колькасці, аб’ёме). Па рэчцы ўгадвалі і надвор’е: зменшала вада пад вечар — заўтра з раніцы будзе дождж. Адамчык.