зме́на, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. змяняць ​1 — змяніць, змяняцца — змяніцца. На змену ночы прыйшоў ясны і спакойны сонечны дзень. В. Вольскі. Рана .. нясцерпна балела перад зменай надвор’я. Мехаў. // Паварот да чаго‑н. новага, які наступіў у кім‑, чым‑н.; перамена. Змену ў [краўцу] заўважыў нават Міхал, які прыйшоў да сям’і. Барсток. Пра змены, якія думала Кавалёва ўвесці ў гаспадарцы, ведалі многія. Дуброўскі.

2. Прамежак часу, пасля заканчэння якога адна група людзей (якія працуюць, вучацца, адпачываюць) зменьваецца другой такой групай. Начная змена. Працаваць у дзве змены. Хадзіць у школу ў першую змену. □ Перад канцом змены Сашу выклікалі ў дырэкцыю завода. Шуцько.

3. Група людзей (якія працуюць, вучацца, адпачываюць), што зменьвае другую такую ж групу пасля заканчэння пэўнага прамежку часу. Змена, стаўшы на пост, рапартуе аб поўнай гатоўнасці стаяць да канца. Брыль.

4. перан. Маладое пакаленне, якое павінна замяніць старэйшых у якой‑н. сферы дзейнасці. Камсамольская змена. Рыхтаваць сабе змену. □ Цяпер з такім замілаваннем гляджу на нашу змену маладую. Дубоўка.

5. Камплект абутку, адзення, якія час ад часу мяняюцца. Дзве змены бялізны. □ — Трэба будзе чаравікі купіць і завезці. Няхай змена будзе. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)