Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

згу́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да згуляцца.

згуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Дасягнуць зладжаных дзеянняў у сумеснай гульні. Футбольная каманда добра згулялася.

згуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці якую‑н. гульню, пагуляць у што‑н. Згуляць у хованкі. Згуляць у гарадкі. Згуляць у валейбол. Згуляць у лато. / што. Аб правядзенні партыі ў якой‑н. гульні або часткі гульні. Згуляць партыю ў шахматы.

2. што. Наладзіць, справіць што‑н. Згуляць вяселле. □ Каласы адспявалі, Іх пажалі, сабралі, Бараду завязалі Ды дажынкі згулялі. Броўка. // Разм. Пратанцаваць, станцаваць (танец). — А ўчора на танцах.. адна нішто сабе была, — сказаў Картыжоў. — Згуляў я з ёю пару танцаў. Чыгрынаў.

3. (звычайна з адмоўем). Разм. Страціць які‑н. час дарэмна; прагуляць. Каваль быў працавіты чалавек, ён не мог згуляць ані хвіліны. Чорны. Усю зіму на конях, на трактары, якому Заранка не давала згуляць ні хвіліны, вазілі на поле гной, тралявалі з балота торф. Сабаленка. // Застацца незасеяным (пра поле, ніву). — Не бойся: людзі не сядзяць, Зямля не будзе нас чакаць, Не запустуе, не згуляе! Колас.

згуртава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан згуртаванага. — Таварышы, — казаў .. [Букрэй], — цяпер вы самі бачыце, што ваша сіла — згуртаванасць, строгі парадак, дысцыпліна. Колас. Лемяшэвіч паціснуў плячамі: яго і радавала такая згуртаванасць калектыву, і бянтэжылі словы пахвалы яму. Шамякін.

згуртава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. згуртаваць (у 2 знач.); дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. згуртавацца. Рыбакоў доўга расказваў пра марксізм, пра тое, як згуртоўваецца рабочы клас у Расіі і хто перашкаджае гэтаму згуртаванню. Асіпенка.

2. Злучэнне, аб’яднанне. Лясы жывілі і множылі партызанскія групы і цэлыя згуртаванні іх. Колас.

згуртава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад згуртаваць.

2. перан.; у знач. прым. Прасякнуты аднадушшам; дружны. Згуртаваны калектыў.

згуртава́цца, ‑туецца; зак.

1. Упрытык наблізіцца адзін да аднаго, сабрацца ў гурт. Каля палкоўніка пана Дэмбіцкага згуртавалася цэлая грамада гасцей. Колас.

2. перан. Аб’яднацца; дасягнуць аднадушша ў поглядах, у дзеяннях. Загартаваныя ў колішняй падпольнай барацьбе нашы людзі згуртаваліся яшчэ больш. Карпюк.

згуртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

1. Аб’яднаць у гурт, наблізіўшы аднаго да другога. Ды і ўсе армейскія коні, відаць, такія. Прывыкаюць да гурту, адзін да аднаго. Магчыма, баі і страхі іх так згуртавалі. Няхай.

2. перан. Аб’яднаць; зрабіць узгодненымі, аднадушнымі чые‑н. дзеянні. Верны, светлы праклала нам партыя шлях, Згуртавала, з’яднала нас воляй адзінай. Танк. Сам таго не заўважыўшы, .. [Мікалай] згуртаваў вакол сябе моладзь. Шамякін.

згурто́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. згуртоўваць — згуртаваць.

згурто́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да згуртавацца.

2. Зал. да згуртоўваць.