згуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці якую‑н. гульню, пагуляць у што‑н. Згуляць у хованкі. Згуляць у гарадкі. Згуляць у валейбол. Згуляць у лато. / што. Аб правядзенні партыі ў якой‑н. гульні або часткі гульні. Згуляць партыю ў шахматы.

2. што. Наладзіць, справіць што‑н. Згуляць вяселле. □ Каласы адспявалі, Іх пажалі, сабралі, Бараду завязалі Ды дажынкі згулялі. Броўка. // Разм. Пратанцаваць, станцаваць (танец). — А ўчора на танцах.. адна нішто сабе была, — сказаў Картыжоў. — Згуляў я з ёю пару танцаў. Чыгрынаў.

3. (звычайна з адмоўем). Разм. Страціць які‑н. час дарэмна; прагуляць. Каваль быў працавіты чалавек, ён не мог згуляць ані хвіліны. Чорны. Усю зіму на конях, на трактары, якому Заранка не давала згуляць ні хвіліны, вазілі на поле гной, тралявалі з балота торф. Сабаленка. // Застацца незасеяным (пра поле, ніву). — Не бойся: людзі не сядзяць, Зямля не будзе нас чакаць, Не запустуе, не згуляе! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)