Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

звер, ‑а; мн. звяры, ‑оў; м.

1. Дзікая, звычайна драпежная жывёла. Драпежны звер. □ — Мядзведзь! — прахрыпеў Тадэўчык і адскочыў ад агню, каб лепей было з цемры ўглядацца ў звера. Бядуля. / у знач. зб. Сібір багата пушным зверам.

2. Пра вельмі злога, жорсткага чалавека. Ззялі маладзіцу са свету сямейнікі. Свёкар быў звер і скупеча. Брыль.

•••

Глядзець (пазіраць) зверам гл. глядзець.

звера...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: а) слову «звер», напрыклад: звераводства; б) слову «звераводчы», напрыклад: зверасаўгас, звераферма.

зверабо́й 1, ‑я, м.

Паляўнічы на марскога звера (маржа, цюленя і пад.). Не паспеў Рынтын дагаварыць, як адзін са зверабояў спрытна кінуў у шырачэзную цёмную спіну маржа гарпун. Бяганская.

зверабо́й 2, ‑ю, м.

1. Травяністая лекавая расліна; святаяннік. Кволы ветрык даносіў з расяністага лугу водар валяр’яны, перамешаны з гаркавасцю лазы і зверабою. Кандрусевіч.

2. Гарэлка, настоеная на гэтай расліне.

зверабо́йны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да палявання на марскога звера. Зверабойнае судна. Зверабойны промысел.

зверабо́йны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да зверабою ​2.

зверава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць звераватага.

зверава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Падобны з выгляду на звера; грубы, страшны. [Мікодым] здаваўся.. не суровым і дужым, а звераватым і страшным. Марціновіч. У вёску завітаў бургамістр воласці Бадзягін. Сярэдніх год мужчына, звераваты на выгляд. Федасеенка. // Такі, як у звера; страшны, злосны. Звераватыя вочы. Звераваты выгляд.

2. Які цураецца людзей; замкнуты, нетаварыскі. — Не калектыўны ты чалавек. Звераваты. Чорны.

звераво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст у галіне звераводства; зверагадовец.

звераво́дства, ‑а, н.

Тое, што і зверагадоўля.

звераво́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да звераводства; зверагадоўчы. Звераводчы саўгас.

зверагадо́вец, ‑доўца, м.

Спецыяліст у галіне зверагадоўлі; зверавод.