дыме́ць, ‑міць; незак.
Выпускаць дым; дрэнна гарэць, вылучаючы вялікую колькасць дыму. Кожны дзень зранку .. дыміць паравоза. Пестрак. Адзін танк стаяў нерухома і густа дымеў. Мележ. / у безас. ужыв. У майстэрні дымела з коміна. Гартны. // Вылучаць, выпускаць пару. Пасярод стала, вывернутая з каструлі, яшчэ дымела бабка, якую любіў і Карніцкі. Паслядовіч.
дымі́на, ‑ы, ж.
У выразе: у дыміну — тое, што і у дым (гл. дым).
дымі́цца, ‑міцца; незак.
Выпускаць дым; тлець, вылучаючы дым. Дымяцца трубы заводаў і фабрык. □ У зубах .. [бацькі] дымілася люлька, на галаве красаваўся саламяны капялюш. Гамолка. Ад моста засталіся толькі абгарэлыя палі, дыміўся яшчэ ўцалелы насціл ля самага берага. Лынькоў. // Вылучаць пару. На стале дыміліся талеркі з супам. Пестрак. Пасля дажджу пацела, Дымілася зямля. Калачынскі. // Падымацца клубамі (пра туман, пару). Сырая зямля дыміцца лёгкаю параю — падсыхае. Якімовіч.
дымі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпускаць дым; дрэнна гарэць, вылучаючы вялікую колькасць дыму. Да прыстані па рацэ ідзе пасажырскі параход. Ён густа дыміць, папераджальна гудзе і грыміць лопасцямі вінта ў вадзе. Галавач. Святла нідзе не было, толькі ў адзінокім доме дыміла газніца з меднай гільзы, а людзей была поўная хата, як зачыніць. Няхай. // Прапускаць дым праз шчыліны (пра печ, комін і пад.). Печ дыміць. □ Гудзе, падвывае вецер. Буржуйка спалохана ўсхліпвае, дыміць. Асіпенка.
2. чым і без дап. Курыць, пускаючы многа дыму. Сцяпан сядзеў за сталом і дыміў папяросай. Кудравец.
ды́мка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.
Лёгкая павалока з дыму, туману і пад.; смуга. Лёгкая дымка туману непрыкметна выпаўзала з лесу і ахутвала .. цёмны завод з высокім чорным комінам. Пестрак. Рака разлілася так далёка, што процілеглы бераг хаваўся ў шызаватай дымцы. Даніленка.
дымлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які дыміцца, дыміць, вылучае многа дыму. Дымлівыя коміны фабрык і заводаў. □ Адкінуў агарак дымлівы, Нагой прытаптаў. Калачынскі. // Ахутаны дымнай. Там у жытах дымлівыя палі, Дзяўчаты песням там ахвочы. Броўка.
ды́мна,
1. прысл. З дымам, вылучаючы многа дыму. Дымна ў печы дровы і карчы палаюць. Танк.
2. безас. у знач. вык. Аб наяўнасці дыму дзе‑н. Ля агню было ўтульна, хаця крыху дымна і душна. Самуйлёнак.
ды́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які дыміцца, дыміць, вылучае многа дыму. Дымная галавешка. □ У Камуне школа, Электрычнасць, яслі, Дымныя лучыны Назаўсёды згаслі. Купала. // Напоўнены, зацягнуты дымам. Дымная восець. Дымнае неба. // Які складаецца з дыму. Адзін з самалётаў, цягнучы за сабой доўгі дымны шлейф, раптам крута пайшоў уніз. Лынькоў.
2. перан. Падобны на дым. Яшчэ з вечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў. Колас.
•••
Дымны порах гл. порах.
дымо́к, ‑мка, м.
Памянш.-ласк. да дым (у 1 знач.). З коміна курыцца дымок. Мядзёлка. Папыхваючы дымком, да прыстані набліжаўся параход. Лынькоў. Пахла дымком гаркаватым. Бядуля.
дымо́рфны, ‑ая, ‑ае.
Спец. З адзнакамі дымарфізму. Дыморфныя рэчывы.