Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

герантало́гія, ‑і, ж.

Навука аб старэнні жывых арганізмаў і прадаўжэнні жыцця.

[Грэч. hérōn — стары і lógos — вучэнне.]

геранто́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне геранталогіі.

гера́нь, ‑і, ж.

1. Травяністая расліна сямейства гераніевых з пахучымі лістамі, і яркімі адзіночнымі або сабранымі ў парасонікі кветкамі.

2. Народная назва пеларгоніі, якая разводзіцца ў памяшканнях як дэкаратыўная расліна. Толькі вокны дырэктарскай кватэры смяяліся: ласкава калыхаліся прыгожыя гардзіны, гарэлі кветкі руж і герані на падаконніках. Шамякін.

[Ад грэч. geranos — журавель.]

герб, герба, м.

Распазнавальны знак дзяржавы, горада, дваранскага роду і пад., які змяшчаецца на флагах, манетах, пячатках, некаторых дакументах. Дзяржаўны герб Савецкага Саюза.

[Польск. herb.]

ге́рбавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да герба. Гербавы знак. // З малюнкам герба. Гербавая пячатка. Гербавая папера.

•••

Гербавы збор гл. збор.

герба́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гербарыя. Гербарны матэрыял.

гербарызава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да гербарызаваць.

гербарызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак., што і без дап.

Збіраць і высушваць расліны для гербарыя.

гербарыза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гербарызаваць.

герба́рый, ‑я, м.

Калекцыя засушаных раслін.

[Ад лац. herbarius — травяны.]