Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ге́та, нескл., н.

Кварталы ў многіх феадальных і капіталістычных гарадах, якія адводзіліся для прымусовага пасялення пэўнай этнічнай або рэлігійнай групы насельніцтва (захаваліся да цяперашняга часу ў некаторых капіталістычных краінах, дзе існуе нацыянальная няроўнасць). Негрыцянскае гета. // У часы фашысцкага рэжыму ў Еўропе — асобныя гарадскія кварталы, адведзеныя для ізаляцыі яўрэяў.

[Іт. ghetto.]

ге́тман, ‑а, м.

1. У 16–17 стст. на Украіне — выбарны начальнік казацкага войска; у 17–18 стст. — вярхоўны правіцель Украіны.

2. У 16–18 стст. — камандуючы войскамі ў Вялікім княстве Літоўскім і ў Польшчы.

[Ням. Hauptman — начальнік.]

ге́тманскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гетмана, належыць яму. Гетманская армія. Гетманская ўлада.

ге́тманства, ‑а, н.

Праўленне, улада гетмана. Перыяд гетманства Багдана Хмяльніцкага.

ге́тманшчына, ‑ы, ж.

1. Перыяд, калі на Украіне былі гетманы (16–18 стст.).

2. Контррэвалюцыйная ваенная дыктатура на Украіне ў 1918 г., якая была ўстаноўлена генералам Скарападскім, стаўленікам германскіх імперыялістаў.

ге́тры, ‑аў; адз. гетра, ‑ы, ж.

Від цёплай адзежы для ног, якая надзяваецца паверх абутку і закрывае нагу да калена або да шчыкалаткі. Хадзіў Крукер у шырокай клятчастай кепцы, у прасторным шэрым пінжаку, такіх жа штанах, запраўленых у чаравікі з гетрамі. Лынькоў.

[Фр. guêtre.]

гетэ́ра, ‑ы, ж.

1. У Старажытнай Грэцыі — адукаваная незамужняя жанчына, якая вяла свабодны, незалежны спосаб жыцця.

2. Кніжн. Жанчына лёгкіх паводзін.

[Грэч. hetáira — сяброўка, палюбоўніца.]

гетэраге́нны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з неаднолькавых, разнародных частак; проціл. гамагенны. Гетэрагенная сістэма.

[Ад грэч. heterogenēs — разнародны.]

гетэро́зіс, ‑у, м.

Спец. Павышаная жыццяздольнасць і прадукцыйнасць першага пакалення гібрыдаў у параўнанні з бацькоўскімі формамі.

[Ад грэч. heteróiōsis — змена, пераўтварэнне.]

гетэро́зісны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да гетэрозісу. Гетэрозісныя формы.