Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апускны́, ‑ая, ‑ое.

Які можна апусціць. Апускная лямпа.

апусто́шанасць, ‑і, ж.

Стан апустошанага; душэўная пустата. Унутраная апустошанасць.

апусто́шанне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. апустошыць.

апусто́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад апустошыць.

2. у знач. прым. Пазбаўлены маральных сіл, духоўнага зместу; няздольны да творчага жыцця. Апустошаная душа.

апусто́шванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. апустошваць — апустошыць.

апусто́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да апустошыць.

апусто́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць пустым; спустошыць. Падумай, Германія, сёння, не потым, Не дай апустошыць сваёй жа зямлі. Бачыла.

2. перан. Пазбавіць маральных сіл, духоўнага зместу; зрабіць няздольным да творчага жыцця.

апусце́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў пустым, пустэльным, бязлюдным. Народ не разыходзіўся, а сядзеў і глядзеў на апусцелую сцэну. Броўка. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны, і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць [чародкі] шпакоў — прадвеснікаў блізкае восені. Лынькоў.

апусце́нне, ‑я, н.

Стан паводле дзеясл. апусцець (у 2 знач.).

апусце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць пустым, пазбавіцца таго, што змяшчаецца, напаўняе. Федзя сачыў за.. [бычком], не адрываючы вачэй, аж пакуль не апусцела вядро. Гамолка. // Стаць пустым, голым. Не пужайся, што бедная ніва Апусцела з канца да канца. Купала.

2. Стаць бязлюдным, пустым, нежылым. Хіма спехам выбралася са сваімі пажыткамі, і Гарасёў падворак апусцеў назаўсёды. Ракітны.