Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апеляцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да апеляцыі (у 1 знач.). Апеляцыйны суд. Апеляцыйная камісія.

апеля́цыя, ‑і, ж.

1. Скарга ў вышэйшую інстанцыю на рашэнне ніжэйшай.

2. Зварот да каго‑, чаго‑н. дзеля падтрымкі, спачування і пад. Апеляцыя да братоў па крыві была, такім чынам, апеляцыяй да братоў па барацьбе, у якіх паэт шукаў падтрымкі, разумення і спагады. Лойка.

[Лац. apellatio.]

апе́ндыкс, ‑а, м.

1. Адростак сляпой кішкі.

2. Кароткі шланг для запуску і выпуску газу ў ніжняй частцы абалонкі дырыжабля.

[Ад лац. appendix — прыдатак.]

апендыцы́т, ‑у, М ‑цыце, м.

Запаленне апендыкса (у 1 знач.).

апе́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Познаасенні жаўтаватага колеру ядомы грыб, які расце каля пнёў або карэнняў дрэў. Вакол старых.. пнёў выцягвалі адна перад другой угору доўгія шыі апенькі. Васілевіч.

апераджа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які апярэджвае, дае лепшыя ў параўнанні з іншымі вынікі. Апераджальны рост цяжкай прамысловасць.

апераджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да апярэдзіць.

апераза́цца, аперажуся, апяражашся, апяражацца; зак.

Разм. Падперазацца чым‑н.

апераза́ць, аперажу, апяражаш, апяража; зак., каго-што.

1. Надзець пояс і пад.

2. Абвязаць каго‑н. поясам і пад. // перан. Абкружыць, абнесці, абгарадзіць што‑н. чым‑н. Іван Грозны пабудаваў некалькі крэпасцей у ваколіцах горада, а самы горад аперазаў земляным валам. Хадкевіч.

3. Разм. груб. Ударыць. Гэлька са злосцю схапіла палку і з усёй сілы аперазала сабаку. Чарот.

апе́раны, ‑ая, ‑ае.

Які пакрыўся пер’ем; увабраўся ў пер’е. Калі ж здараўся часам выпадак такой незвычайнай важнасці, што на траву.. звальваўся з гнязда толькі што апераны верабейчык, — шчасце не мела граніц! Брыль.