Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апавяда́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апавядаць.

2. Невялікі мастацкі апавядальны твор, звычайна ў прозе. Гумарыстычнае апавяданне. □ Усё зразумела Даніну яшчэ і таму, што ў апавяданні, якое чытала ім настаўніца, гаварылася пра такіх жа, як ён, дзяцей вясковай беднаты. Брыль.

апавяда́цца, ‑аецца; незак.

1. Расказвацца, апісвацца; з’яўляцца зместам чаго‑н. У другой казцы апавядаецца пра дзяўчыну. Лойка.

2. Зал. да апавядаць.

апавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Расказваць, апісваць; паведамляць аб чым‑н. Турсевіча вельмі насмяшыла адно здарэнне на чыгунцы, і аб гэтым апавядаў ён цяпер Лабановічу. Колас. Потым маці пачала апавядаць пра жыццё калгаса. Дуброўскі.

апавясці́ць, ‑вяшчу, ‑вясціш, ‑вясціць; ‑вясцім, ‑весціце; зак., каго-што, аб чым і з дадан.

Паведаміць аб чым‑н., давесці да ведама каго‑н. Апавясціць важную навіну. Апавясціць аб прыездзе. □ — Людзей трэба апавясціць! — нецярпліва прамовіла.. [Ганна]. Мележ.

апавяшча́льнік, ‑а, м.

1. Той, хто апавяшчае, аб’яўляе што‑н.

2. Уст. Традыцыйны персанаж класічных трагедый, які апавяшчае гледачоў аб падзеях за сцэнай.

апавяшча́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да апавяшчальнік (у 1 знач.).

апавяшча́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для апавяшчэння. Апавяшчальныя сродкі.

апавяшча́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да апавяшчаць.

апавяшча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да апавясціць.

апавяшчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. апавяшчаць — апавясціць.