апавяда́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апавядаць.
2. Невялікі мастацкі апавядальны твор, звычайна ў прозе. Гумарыстычнае апавяданне. □ Усё зразумела Даніну яшчэ і таму, што ў апавяданні, якое чытала ім настаўніца, гаварылася пра такіх жа, як ён, дзяцей вясковай беднаты. Брыль.
апавяда́цца, ‑аецца; незак.
1. Расказвацца, апісвацца; з’яўляцца зместам чаго‑н. У другой казцы апавядаецца пра дзяўчыну. Лойка.
2. Зал. да апавядаць.
апавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Расказваць, апісваць; паведамляць аб чым‑н. Турсевіча вельмі насмяшыла адно здарэнне на чыгунцы, і аб гэтым апавядаў ён цяпер Лабановічу. Колас. Потым маці пачала апавядаць пра жыццё калгаса. Дуброўскі.
апавясці́ць, ‑вяшчу, ‑вясціш, ‑вясціць; ‑вясцім, ‑весціце; зак., каго-што, аб чым і з дадан.
Паведаміць аб чым‑н., давесці да ведама каго‑н. Апавясціць важную навіну. Апавясціць аб прыездзе. □ — Людзей трэба апавясціць! — нецярпліва прамовіла.. [Ганна]. Мележ.
апавяшча́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто апавяшчае, аб’яўляе што‑н.
2. Уст. Традыцыйны персанаж класічных трагедый, які апавяшчае гледачоў аб падзеях за сцэнай.
апавяшча́льніца, ‑ы, ж.
Жан. да апавяшчальнік (у 1 знач.).
апавяшча́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для апавяшчэння. Апавяшчальныя сродкі.
апавяшча́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да апавяшчаць.
апавяшча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апавясціць.
апавяшчэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. апавяшчаць — апавясціць.