Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

азнача́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да азначыцца.

2. Зал. да азначаць.

азнача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Вызначаць характэрныя рысы чаго‑н., даваць фармуліроўку чаму‑н. Азначаць геаграфію як навуку.

2. Мець значэнне, які‑н. сэнс. Ціток зірнуў на Кандрата і маргнуў яму адным вокам, што азначала: нічога, хлопцы, я вам памагу. Лобан. Аднаго разу, у выхадны дзень,.. [Сяргей Аляксандравіч] тры разы пастукаў у сцяну, што азначала: «Зайдзі да мяне, тэрміновая справа». Ляўданскі. Я зайшоў.. [у бібліятэку], каб заглянуць у энцыклапедыю і даведацца, што азначае на грэчаскай або лацінскай мовах слова «Данута». Карпюк.

3. Незак. да азначыць (у 2, 3 і 4 знач.).

азна́чыцца, ‑чыцца; зак.

1. Стаць прыметным; абазначыцца, вырысавацца. Пахмурнымі ценямі азначыліся маршчыны на лбе. Пестрак. Бялявыя валасы Алеся яшчэ выразней азначыліся на падушцы. Броўка.

2. перан. Намеціцца, вызначыцца. Азначыўся круг сяброў.

азна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

1. Зак. да азначаць (у 1 знач.).

2. Ахарактарызаваць што‑н., вызначыць. Віктар не мог знайсці тое слова, якім бы ён мог азначыць свае адносіны да Паўла. Гроднеў. [Міхайлаў:] — Поступ міру — вось як азначыў бы я цяперашнія дні. Карпаў.

3. Паказаць кірунак, шлях каму‑, чаму‑н. Жартуе [Смалячкоў:] «Пайду і азначу шлях, Такі, каб хутчэй Прывёў да разгрому [фашыстаў]». Броўка. // Вылучыць на фоне чаго‑н. [Васіль] не зачыніў варот, і шэрань знадворку азначыла падмецены ток з горкай мякіны ў кутку. Мележ.

4. Абумовіць сабой, прадвызначыць. Перамога Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі азначыла сабой найвялікшы паварот у гісторыі чалавецтва.

азначэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. азначаць — азначыць (у 1 знач.).

2. Абагульненне, якое раскрывае змест, сэнс чаго‑н., характарызуе асноўныя рысы чаго‑н.; вывад. Сэнсавае азначэнне. Вобразныя азначэнні. Мастацкія азначэнні. □ Што значыць даць «азначэнне»? Гэта значыць перш за ўсё падвесці данае паняцце пад іншае, больш шырокае. Ленін.

3. Даданы член сказа, які абазначае прыкмету, уласцівасць другога члена сказа і адказвае на пытанні: які? чый? каторы?

азнаямле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. азнаямляць — азнаёміць і азнаямляцца — азнаёміцца.

азнаямле́нчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае на мэце азнаямленне з кім‑, чым‑н. Азнаямленчая паездка. Азнаямленчая практыка.

азнаямля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да азнаёміцца.

2. Зал. да азнаямляць.

азнаямля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да азнаёміць.