Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апастэрыёры, прысл.

Спец. На падставе вопыту, вопытных дадзеных; проціл. апрыёры.

[Лац. a posteriori.]

апа́сці, ападзе; зак.

1. Асыпацца, адваліцца (пра лісце, кветкі і пад.). Асенні дзень. Шумяць бары, — Пара лістам апасці. Глебка. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. // перан. Знікнуць, прапасці. Няхай мой смутак ападзе, як лісце восеньскага бору. А. Вольскі.

2. Паменшыцца ў аб’ёме, спасці. Назаўтра Ціхану стала лепш. Пухліна апала. Дуброўскі. // Стаць худым, упалым. Стафанковічаў твар стаў зямлісты, вызначылася худзізна на скронях, нейк у адзін момант вытырклі скулы, апалі шчокі. Чорны. // Аслабець, страціць сілу. Сонца даўно пераваліла за паўдня, гарачыня апала. Чарнышэвіч. Гул матораў на самай высокай ноце раптам апаў. Алешка. // Паменшыцца, панізіцца ўзроўнем. Цяпер мы кожны дзень бегалі да балотца глядзець, наколькі апала вада. Якімовіч.

3. Апусціцца; упасці. Жэрдачка апала ўніз адным канцом, і пакуль хлопец паспеў перарэзаць другі матузок, па жэрдцы шуганулі ўніз сухія.. кумпякі. Брыль. Кропля дажджу мне апала на твар З хмары паўночнай. Танк. // Упасці, звіснуць (пра валасы, тканіны і пад.). «Мой далёкі мілы сябра!» — павольна прачытала Ніна Пятроўна і адкінула рукою кудзеркі валасоў, што апалі ёй на лоб. Краўчанка.

4. Асесці, накрыць сабою ўсю паверхню. [Заранік] любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Яны [бяссмертнікі] ад першых дзён вясенніх Да позняй восені цвітуць, Пакуль на вымаклую зелень Снягі ізноў не ападуць. Прыходзька. // Апусціцца, распаўсюдзіцца панізе, выпасці (аб расе, тумане і пад.). Апасці не паспелі росы У той перадсвітальны міг А ён [Брэст], нібы юнак Матросаў, Краіну засланіў грудзьмі. Вітка.

5. перан. Апусціцца, легчы на што‑н. Цёплы вечар апаў На калгасныя нівы і хаты. Танк. А цішыня такая нечуваная Апала на балоты і палі. Панчанка. Мрок лёг на самую зямлю, апаў надоўга, — асенняя ноч бясконцая. Пташнікаў.

6. перан. Пагоршыцца (пра настрой, пачуцці і пад.). Вядома, што тут прабіцца не было ніякай магчымасці, і ў Шуста адразу апаў настрой. Шчарбатаў. Нешта радаснае, гордае ўзнялося ў Юркавых грудзях, але тут жа апала. Карпаў.

апатры́ды, ‑аў; адз. апатрыд, ‑а, М ‑радзе, м.

Спец. Асобы, якія не маюць грамадзянства.

[Ад грэч. a — адмоўная часціца і patridos — радзіма.]

апатрыды́зм, ‑у, м.

Спец. Прававы стан асобы, якая не мае ніякага грамадзянства.

апаты́т, ‑у, М ‑тыце, м.

Мінерал, які з’яўляецца састаўной часткай большасці вывергнутых парод і выкарыстоўваецца для вырабу фасфатных угнаенняў.

[Ад грэч. apataō — падманваю (першапачаткова гэты мінерал з цяжкасцю адрознівалі ад іншых).]

апаты́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да апатыту. Апатытавая руда.

апаты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць апатычнага.

апаты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да апатыі. Апатычны стан. // Які выяўляе апатыю. Гэта быў доўгі маўклівы мужык з апатычным выразам беднага на расліннасць твару. Зарэцкі.

2. Які знаходзіцца ў стане апатыі; схільны да апатыі; абыякавы. Успамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.

апа́тыя, ‑і, ж.

Стан душэўнай абыякавасці, раўнадушнасці. У .. [Касі] з’явілася да ўсяго апатыя, зарадзілася няўпэўненасць у сваіх поглядах. Карпюк. [Карызну] агарнула цяжкая апатыя — яму хацелася аднаго: скончыць як найхутчэй гэты няўдалы сход і адпачыць. Зарэцкі.

апаўдні́ і апаўдня́, прысл.

У сярэдзіне дня; апоўдні.