Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скрэ́бень, ‑я, м.

Чарвяк, які паразітуе ў кішэчніку пазваночных жывёлін.

скрэ́бка, ‑і, ДМ ‑бцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. скрэбці (у 2–3 і 6 знач.).

скрэ́бла, ‑а, н.

Разм.

1. Скрабніца. Запаліўшы ліхтар, фурман чысціў скрэблам і шчоткай каня. Пальчэўскі.

2. Лапата для саскрабання чаго‑н., скрабок. Скрэбла зламалася.

скрэ́бці, скрабу, скрабеш, скрабе; скрабём, скрабяце; пр. скроб, скрэбла; незак., каго-што.

1. і без дап. Праводзіць па паверхні чым‑н. вострым, цвёрдым, зачэпліваючы ці робячы драпіны. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі. Колас. Блізка мыш скрабе па сценцы, Кот цікуе на паленцы. Бядуля. На гумовых ботах, па халявах, скроб сухі верас, абсыпаны, абдзёрты калёсамі. Пташнікаў.

2. Здзіраць, счышчаць чым‑н. вострым тонкі слой з якой‑н. паверхні. Не спіцца. І нават не творыцца. І сам я не рады сабе. Аж чую: на досвітку дворніца Дарогу ля дома скрабе... А. Вольскі. Антанюк узброіўся нажом, закасаў рукавы пінжака і скроб абсмаленую тушу, цёр мокрай саломай. Шамякін. // З сілай церці, чысціць. Ягор найбольш завіхаўся ля коней, мыў іх, скроб або карміў. Навуменка. Дзяўчынкі да жаўцізны скрэблі падлогу, здымалі павуцінне, праціралі сцены, мылі вокны. Курто.

3. Чысціць, абчышчаць (маладую гародніну, рыбу і пад.). Спроб .. [Яўтух] ножыкам бульбіну ды моўчкі хаваў сваю добрую ўсмешку ў сівых вусах. Бялевіч. Бялявы хлапчук на парозе, як дома, ваюючы з кошкай, скрабе шчупака. Вялюгін.

4. і без дап. Чухаць (якія‑н. часткі цела). [Цымбал] уздыхае, скрабе ў барадзе і, відаць, пра нешта хоча загаварыць. Скрыган. [Жонка:] Што ты там бурчыш пад нос? Скрабеш каля вуха? Купала.

5. перан. Непакоіць, трывожыць, хваляваць (пра думку, пачуццё і пад.). Яго душыў смутак і скрэбла злосць. Чорны. [Бацька:] — Вершы зусім недзіцячыя, а такія, што і старога скрабуць па сэрцы... Таўлай.

6. Дробна, тонка стругаць што‑н.; здрабняць. У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Караткевіч.

•••

На сэрцы (на душы) кошкі скрабуць гл. кошка.

скрэ́бціся, скрабуся, скрабешся, скрабецца; скрабёмся, скрабяцеся; пр. скробся, скрэблася; незак.

1. Рабіць шум, скрабучы, драпаючы чым‑н. Мерна стукае гадзіннік, недзе пад падлогай скрабецца мыш. С. Александровіч.

2. Зал. да скрэбці (у 2, 3 і 6 знач.).

скрэ́мзаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скрэмзаць.

2. у знач. прым. Пакрыты рознымі штрыхамі, спісаны, счырканы. На стале, за якім .. [інжынер] сядзеў, асталіся скрэмзаная паперка ды чысты, разлінеены на графы аркуш паперы .. ў калгас прыязджаў прадстаўнік вытворчага ўпраўлення. Палтаран.

скрэ́мзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Пакрыць рознымі штрыхамі, неакуратна, невыразна спісаць, счыркаць. Вунь колькі ўжо старонак у сшытку скрэмзаў, а канца не відно! Шыловіч.

2. Закрэсліць у многіх месцах, зрабіць многа паправак, дапісванняў. На яго думку, артыкул быў напісаны востра, дасціпна, але калі я ўзяўся чытаць, дык рука мая мімаволі скрэмзала кожны сказ. Сабаленка.

скрэ́па, ‑ы, ж.

Спец. Прыстасаванне для злучэння, змацавання частак чаго‑н. Жалезная скрэпа. Заклёпачная скрэпа.

скрэ́пер, ‑а, м.

Землярыйна-транспартная машына, якая выкарыстоўваецца ў горнай справе і на будаўніцтве. Адзін за адным прыбывала скрэперы, бульдозеры, экскаватары з шыраказубымі сківіцамі. Паслядовіч. Поўзалі бульдозеры, скрэперы, кідалі і высока ўздымалі свае каўшы экскаватары. Карпаў.

[Англ. scraper.]

скрэ́перны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скрэпера. Скрэперная лябедка. Скрэперны атрад. // Які ажыццяўляецца пры дапамозе скрэпера. Скрэперная дастаўка вугалю.