Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скампраметава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скампраметаваць.

скампраметава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

Зняславіць сябе, трапіць у няёмкае становішча.

скампраметава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

Зняславіць каго‑н. чым‑н.; паставіць у няёмкае становішча. [Бародка:] — Званне настаўніка — святое званне... І калі запляміць яго, скампраметаваць — не будзе вам павагі ні ад вучняў, ні ад бацькоў. Шамякін. [Настаўніца:] — Ахвотна запішу адрасы і нават дам запіску. Спадзяюся, што ніхто мяне не скампраметце? Мікуліч.

скамяне́ласць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць скамянелага. Зандлер чакаў з пагрозлівай скамянеласцю на.. твары, доўга марудзіць не выпадала, і хлопец апусціўся ля яго ног. Быкаў.

2. Выкапнёвыя рэшткі арганізмаў — скамянелая жывёліна, расліна або якая‑н. частка іх. Знайсці скамянеласць.

скамяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які набыў выгляд і ўласцівасці каменя, ператварыўся ў камень. Скамянелая расліннасць. □ А больш за ўсё вабіла да сябе вялізная дзіўная жамчужына.. — Нездарма легенда кажа, што гэта ёсць скамянелыя божыя слёзы. Маўр. // Які стаў цвёрдым, сухім як камень. Скамянелае тоўстае карэнне.. [бярозы], упіўшыся ў зямлю, ішло глыбока, шырока, аж на дарогу. Вышынскі. Сухая, скамянелая пасля ночы дарога звінела пад жалезнымі падкоўкамі Колевых новых ботаў, пашытых навыраст. Якімовіч.

2. перан. Які стаў нерухомым, здранцвелым, застылым. Ты доўга сядзела за сталом Нерухомая, скамянелая. І чутна ў цішы было, Як стукае гадзіннік мерна, Як дробны дождж сячэ халодныя шыбы. Багдановіч. Немцы ўжо не баяліся, не крычалі, а стаялі скамянелыя, дзе хто быў. Маўр. Прыгожы Дашын твар на момант успыхнуў, заірдзеўся і стаў скамянелым. Ракітны.

3. перан. Які страціў здольнасць праяўляць якія‑н. пачуцці, стаў абыякавым да ўсяго. Кожнаму з нас трэба трошкі журбы, Каб у жыцці скамянелым не быць. Чарнушэвіч.

скамяне́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле дзеясл. скамянець (у 1 знач.).

скамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Набыць выгляд і ўласцівасці каменя; ператварыцца ў камень. Ляжаць [дрэвы], пакуль не скамянеюць. Лынькоў. // перан. Стаць цвёрдым, сухім як камень. Скамянеў кавалак хлеба. □ Зямля скамянела, без вады. Няхай.

2. перан. Стаць нерухомым, замерці; застыць, здранцвець, аслупянець. Лявонка, які падбег да бацькі, скамянеў ад страху. Асіпенка. Скамянеў і вартавы пад наведзенай стрэльбай Карнея Скібы, скамянелі ўсе, уражаныя нечаканасцю налёту. М. Ткачоў. Воўк драпежны аж умлеў, З перапуду скамянеў. Якімовіч.

3. перан. Страціць здольнасць праяўляць якія‑н. пачуцці, стаць абыякавым да ўсяго. Ды ў каменным горадзе я не скамянеў! Не глядзі, прашу цябе, гэтак па мяне... Тармола. Джулія нібы скамянела ў панылай маўклівасці, бровы яе зусім самкнуліся, на твары ценем лёг выраз рашучай упартасці. Быкаў. Маё сэрца скамянела, Быццам чорны птах. Гаўрусёў.

скамячы́цца, ‑мечыцца; зак.

1. Стаць скамечаным, змятым. Адзенне скамячылася.

2. перан. Страціць належны выгляд, нармальны ход, сказіцца. У зале, вядома, шум, дзелавая частка скамячылася, змазалася. Шынклер.

скамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.

1. Змяць, ператварыць у камяк. Скамячыць паперу. Скамячыць адзенне. □ Зіна з абурэннем скамячыла прачытанае пісьмо, кінула яго ў кут. Гамолка. Курачка скамячыў у руках кашулю, якую яшчэ не паспеў надзець. Чарнышэвіч. Ну што будзе, калі я скамячу з мякішу галачку і шпурну яе ў ночвы, дзе сястра будзе мыць бялізну? Грамовіч. // Шчыльна сціснуць, самкнуць; згарнуць. Хутаранец, скамячыўшы губы, схапіў .. [Уладзю] за плечы. Чорны. — Вось якія яны [барозны] твае!!! — і ахоплены дзікай злосцю, Кузьма скамячыў здаровую фігу і з сілаю сунуў Петраку ў нос. Нікановіч.

2. перан. Сказіць, сапсаваць. Шум галасоў скамячыў.. словы [Карпуся]. Баранавых. Незнаёма-металічны тон рашучага загаду і кулямётная чарга адразу скамячылі ўсе яго гарачыя пачуцці. Паслядовіч. Аб’езд першага ўчастка не пагоршыў, не скамячыў таго радаснага настрою, які пакінуў пасля сябе другі ўчастак. Шынклер.

скана́нне, ‑я, н.

1. Смерць. Сказалі хлопцы так перад скананнем: «Не расстаёмся, не!» Пысін. Скананне скорае пужае.. [бабулю]. Бядуля.

2. перан. Канец. Восень нарадзіла ясноту хоць перад скананнем дня. Чорны.

•••

Да сканання — тое, што і да (самага) скону.