апа́рына, ‑ы, ж.
Разм. Месца ў балоце, дрыгве, якое не зарасло мохам і напоўнена вадою; акно. Раз, ходзячы па балоце, уваліўся.. [бацюшка] дзесь у апарыну па самы пояс. Колас.
апа́рысты, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і па́рны 2. [Вейс:] — Поту на целе як у самы апарысты летні дзень. Шынклер.
апа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Пашкодзіць сабе скуру гарачай парай або кіпнем. Хонеў хлопец быў ускочыў у цэбар з лугам і не апарыўся толькі затым, што луг быў халодны. Чорны.
апа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Пашкодзіць скуру гарачай парай або кіпнем. Апарыць рукі.
2. Абліць кіпнем. Апарыць мякіну.
апаса́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Баяцца каго‑, чаго‑н.; непакоіцца з-за магчымасці якога‑н. выпадку. Апасацца ліхога чалавека. □ [Даніла:] Скіба нават апасаўся, каб.. [Рыгор] чаго.. [Кацярыне] не выказаў пра нас. Крапіва.
2. Сцерагчыся чаго‑н. Апасацца інфекцыі.
апа́ска, ‑і, ДМ ‑цы, ж.
Разм. Асцярожнасць, выкліканая прадбачаннем нядобрага, непрыемнага. Хадзіць з апаскай. Гаварыць з апаскай. // Боязь, страх. Што ты глянула, з такой апаскаю? Глебка. Вялікай апаскі няма — з Журавіч немцы паўцякалі. Навуменка.
апаску́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад апаскудзіць.
апаску́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да апаскудзіцца.
2. Зал. да апаскуджваць.
апаску́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апаскудзіць.
апаску́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Зрабіцца брудным, запэцкацца.
2. перан. Сапсавацца; зрабіцца дрэнным, непрыгодным.