Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спрыя́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць спрыяльнага.

спрыя́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які спрыяе, памагае чаму‑н.; карысны для чаго‑н. І тут паўстала пытанне: дзе можна наглядаць за жыццём чаек у найбольш спрыяльных і характэрных умовах? В. Вольскі. Дактары параілі Цётцы перамяніць вільготны львоўскі клімат, паехаць куды-небудзь, дзе больш спрыяльны клімат для яе хворых лёгкіх. Панізнік.

2. У якім выяўляецца прыхільнасць, павага да каго‑н. Спрыяльныя адносіны.

спрыя́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спрыяць.

2. Добра зычлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н., добразычлівасць. — Можа, ваша школа мае якія-небудзь прэтэнзіі да валаснога праўлення? — у тым жа тоне спрыяння распытваў далей пісар. Колас.

•••

Прынцып найбольшага спрыяння — у міжнародным праве — адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання міждзяржаўных эканамічных адносін, адпаведна якому кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца прадастаўляць іншай тыя ж правы і льготы, што і любой трэцяй дзяржаве.

спрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каму-чаму.

1. Садзейнічаць; памагаць. [Сабалеўскі:] — Мой абавязак, як палкавога ўрача, спрыяць словам і справай вашым поспехам у лётнай рабоце. Алешка. Гуманістам можа быць толькі той, хто спрыяе шчасцю працоўнага чалавека. Ярош. [Казік да Веры:] — А мне не можа [Віктар] дараваць, што я спрыяў твайму збліжэнню з Максімам і што ты адмовіла таму ўдаўцу-асадніку. Машара. // (1 і 2 ас. не ўжыв.) і без дап. Быць прычынай чаго‑н., памагаць, рабіць магчымым узнікненне, развіцця чаго‑н. Чыгунка спрыяла таму, што Міця рана стаў цікавіцца справамі, якія ідуць у вялікім свеце. Навуменка. Станаўленню светапогляду паэта спрыяла тое, што ў часе вучобы ён актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх гуртках. Няхай. Калгаснікі дажалі жыта і пачалі жаць ярыну. Надвор’е спрыяла. Чорны. Гунава не прыехаў.. Гэта таксама не спрыяла настрою Сімона. Самуйлёнак. // Разм. Аказваць патрэбнае дзеянне, прыносіць карысць. [Алімпа:] — І не думай, Тэлё, — палягчэе: вельмі ж спрыяе .. [зелле] на хворае нутро. Вышынскі.

2. Праяўляць добразычлівасць да каго‑н. Пад .. [дубам] Даніла зрабіў столік і лавачкі, зрабіў для Грушкі і для ўсіх, хто яму спрыяе. Пестрак.

спрэ́гчы 1, спрагу, спражэш, спражэ; спражом, спражаце, спрагуць; пр. спрог, спрэгла; заг. спражы; зак., каго.

Запрэгчы разам, у адну вупраж (коней, валоў і пад.).

спрэ́гчы 2, спрагу, спражэш, спражэ; спражом, спражаце, спрагуць; пр. спрог, спрагла; заг. спражы; зак., што.

Тое, што і спражыць.

спрэ́гчыся 1, спрагуся, спражэшся, спражэцца; спражомся, спражацеся, спрагуцца; пр. спрогся, спрэглася; заг. спражыся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Запрэгчыся разам, у адну вупраж (пра коней, валоў і пад.).

2. перан. Разм. Аб’яднацца для выканання якой‑н. справы.

спрэ́гчыся 2, спражэцца; пр. спрогся, спрэглася; зак.

Тое, што і спражыцца.

спрэ́жаны 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спрэгчы ​1.

спрэ́жаны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спрэгчы ​2.

спрэс, прысл.

Поўнасцю, цалкам; зусім. Аднекуль навалакліся хмары — спрэс зацягнулі неба. Сабаленка. За ноч наваліла столькі снегу, што нідзе не было ні сцежкі, ні дарогі, спрэс цалік. Чарнышэвіч. [Колас:] — Я думаю пра Аляксандра Грына. Яго летуценнікі.. — гэта ўжо нешта спрэс новае. Лужанін. // Скрозь, усюды; цалкам. Карані спрэс павыпіналіся з зямлі цэлымі вузламі. Сачанка. Рудымі жалудамі была засыпана спрэс уся зямля. Чорны.

спрэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Спаборніцтва на словах, абмеркаванне чаго‑н. дзвюма або некалькімі асобамі, у часе якога кожная з іх адстойвае сваю пазіцыю. За ўвесь сённяшні дзень гэта было адно пытанне [аб начлезе], па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Маўр. Зіна пайшла да сваіх, пакінуўшы радыстаў з іх даўняй спрэчкай: як будуць жыць пасля вайны людзі. Ваданосаў. // Барацьба думак па розных пытаннях навукі, літаратуры і пад.; палеміка (звычайна ў друку). Ужо даўно ідуць спрэчкі наконт таго, ці можна нарыс падзеляць на мастацкі і немастацкі. «ЛіМ». // Разм. Сварка, рознагалоссі. У Косцікавым двары такая пачалася гарачая гаворка, што кончылася яна слязьмі і спрэчкаю. Чорны. Яны [вада, агонь і вецер] уступілі трое ў спрэчку між сабою, крычаць, шумяць, трасуцца ды за чубы бяруцца. Дзеружынскі.

2. Аспрэчванне правоў на валоданне чым‑н. Спрэчкі аб маёмасных правах. □ Сонца звярнула з поўдня, пакуль разабраў старшыня іх [Кузьмы і Петрака] спрэчку і вызначыў ім мяжу. Нікановіч.

3. перан. Барацьба, змаганне з чым‑н.; супраціўленне чаму‑н. У прыказках і прымаўках знайшла адлюстраванне спрэчка, якую вёў чалавек працы з непрымальнымі для яго поглядамі. Шкраба. Гэта была вострая спрэчка паміж старым і новым старшынёю. Гурскі.

4. Публічнае абмеркаванне якіх‑н. пытанняў. Ні першага даклада, ні спрэчак, якія разгарнуліся пасля яго, прафесар амаль не чуў. Галавач. [Старшыня сходу:] — Ужо другая гадзіна ночы, а яшчэ не выступіла і палавіна таварышаў, якія запісаліся для спрэчак. Паслядовіч.

спрэ́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць спрэчнага. Спрэчнасць сцверджанняў.