Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спуд 1, ‑у, М ‑дзе, м.

Спалох. Ад спуду, ўроку, ад зрушэння Мне памагаў часінай той Не мудрагелістых жэньшэняў, А беларускіх траў настой... Ляпёшкін. — Рыгор, сынок мой, з кім жа я застануся? — схамянулася як ад спуду Стэпа. Гартны. Ледзь закінеш толькі вуду — не зявай браток: на вадзе, нібы са спуду, дрогне паплавок. Вялюгін.

спуд 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Толькі ў выразах: пад спудам — а) у схове, у патаемным месцы. Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам Хараство — ўзоры слуцкай зямлі. Калачынскі; б) перан. пад цяжарам, прыгнётам чаго‑н. Пад спудам царкоўнага засілля; з-пад спуду — а) з патаемнага месца; б) перан. з забыцця. З-пад спуду вырваўшыся, следам Выходзіць праўда на прастор. Аўрамчык.

спу́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спудзіць.

2. у знач. прым. Перапалоханы, ахоплены спалохам. Трашчыць у лесе сухое галлё ад спуджаных коней. Каваль. // Які выражае спалох. [Дэлегаты] пачулі спачатку нечыя спуджаныя галасы. Лынькоў.

спу́джвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да спуджваць.

спу́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спудзіць.

спу́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Адчуць спалох; напужацца, спужацца. Спудзіўся конь, скочыў убок і стаў на цвёрдае — не праваліўся. Пташнікаў. Перад судом [прадстаўнікі адміністрацыі] стаялі насцярожана. Сёй-той і добра спудзіўся. Шынклер.

спу́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Спужаўшы, прымусіць пайсці, паляцець, пабегчы адкуль‑н. Над галовамі пралапатала чарада белых галубоў — нехта іх спудзіў. Гурскі. Я чую возера ўсплёскі: То сом прачнуўся на зары І спудзіў шчупака. Броўка. Увайшоў [бегемот] у чаротнік, спудзіў птушак, пачаў там валаводзіцца ды трашчаць. Маўр. Прытаіўся Гушчык, каб ваўка не спудзіць, і чакае ціха, што далей тут будзе. Дубоўка. / у перан. ужыв. Спудзіў трэск аўтаматаў Раніцой цішыню. Смагаровіч. // перан. Прымусіць знікнуць (які‑н. настрой, пачуццё і пад.). Што іх спудзіла сон, Што яны паглядаюць на захад? Танк.

2. Напалохаць, спужаць. І ўвесь народ ураз мятнуўся, І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла бы шчэпку ў перавале. Як бы хто іх тут страшна спудзіў. Колас. — Сватамі дзевак не спудзіш, — засмяялася.. [Аленка] і да мяне [Сені] прытулілася. Кандрусевіч.

спудлава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак.

1. Не трапіць у цэль (страляючы, кідаючы і пад.). Па прывычцы стрэльбу я рыхтую І сачу за ценем [цецерука] паміж дрэў, Хоць, напэўна ведаю, спудлую. Танк.

2. перан. Разм. Зрабіць промах, схібіць. Дагэтуль увогуле шэнціла, найбольшыя хібы .. [Рыбака] міналі; ён разумеў, што галоўнае ў іх партызанскай вайне — не разгубіцца, не спудлаваць, у час прыняць рашэнне. Быкаў.

спу́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спужаць.

2. у знач. прым. Такі, якога спужалі; спалоханы. Закаркала, зляцеўшы з дрэва, спужаная варона, і ўсё зноў сціхла. Машара. // Які выражае спалох. [Міхась] ўявіў сабе такую ж хатку, з акна якое выглядае такі самы бледны твар, такія самыя спужаныя вочы. Сташэўскі.

спужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Адчуць страх перад кім‑, чым‑н. Света ўсяго баіцца ў лесе, не толькі мурашак і жаб. Баіцца нават птушак, дзікіх качак учора спужалася — крычала на ўсю Сырніцу. Пташнікаў. [Антось:] — Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка .. А тут стала займацца на золак, у Сверанаве заспяваў певень, дык нячысцік спужаўся, кінуў камень ды ходу наўцёкі... С. Александровіч.

спужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Выклікаць страх, боязь; спалохаць. Я хаваюся за дуб, чакаю, каб спужаць Змітрыка, які паволі крочыць за падводай. Мыслівец. [Гаўрыла:] — А мяне-то чортам ды нябожчыкам ніхто ўжо не спужаў бы. Гарэцкі.