Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спын, ‑у, м.

Канец, спыненне. Але на ўсё ёсць спын, і сёння час расплаты! Грамыка. А зверху без спыну сячэ дробны халодны дождж. Васілевіч. Тут [у лесе] нядаўна без спыну Завіхаліся пілы. Кірэенка.

спыне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спыняць — спыніць.

спы́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спыніць.

спыні́цца, спынюся, спынішся, спыніцца; зак.

1. Перастаць рухацца. [Паляўнічыя] спыніліся на ўзлеску адпачыць. Ляўданскі. Харытон спыніўся, кашлянуў так, што па ўсёй аколіцы пайшоў грукат. Бажко. Ганна прабралася ў куток і тут спынілася, спакваля разглядаючы ўсіх. Лупсякоў. // Перастаць дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, заводы, а таксама сэрца і пад.). Матор спыніўся. Дыханне спынілася. □ Спыніцца ў хаце гадзіннік, і адразу ўсе адчуюць, што нечага не хапае. Корбан. Біцца спынілася мужнае сэрца Таварыша Жданава, бальшавіка. Танк. // Перастаць ісці, цячы (пра дождж, ваду і пад.). [Вейс:] — Прыкрыў я сваёй куртачкай механіка, шапку на [галаву] насунуў яму шчыльней, каб кроў спынілася... Шынклер.

2. Часова размясціцца, пасяліцца дзе‑н., прыехаўшы куды‑н. [Кастусь:] — А не падкажаце, у каго б мне спыніцца на некалькі дзён? Я — рыбак... Ваданосаў. Спыніліся ў сям’і партызанскага сувязнога дзеда Тамаша, куды паслаў іх [партызан] Тарас Яцэвіч. Якімовіч.

3. Перапыніцца, прыпыніцца, перарвацца (пра развіццё, ход і пад.). Гутарка спынілася. □ Друкарская і выдавецкая дзейнасць Францішка Скарыны ў Вільні па нейкіх прычынах спынілася пасля 1525 года. С. Александровіч. Пакуль цячэ ў лясах маіх жывіца, Пакуль у іх азону пах чуцён, Табе, жыццё, ніколі не спыніцца. Камейша.

4. Зрабіць перапынак або спыніць (якія‑н. свае дзеянні); стрымацца. Страчыў я адказы дзесяткі разоў і спыніўся... Няўжо гэта важна — калі я і дзе нарадзіўся? Кірэенка. Коста спыніўся, не скончыўшы фразы. Шыцік. // на чым. Перапыніць сваю працу, занятак і пад. на якім‑н. этапе. [Міхайлаў:] — Я атрымаю дыплом тэхнолага, але на гэтым не спынюся. «Маладосць». Ёсць у дзяцінстве міг гульні, Калі самому не спыніцца І цяжка некаму спыніць! Чэрня.

5. на кім-чым. Затрымацца па кім‑, чым‑н. (пра погляд, увагу, думкі і пад.). Позірк лесніка спыніўся на Бобіку, які нешта вынюхваў у галлі. Аношкін. Усё тое, на чым магло спыніцца вока, знікла. Чарнышэвіч. У наступным пакоі позірк Кет спыніўся на адзінай карціне сына. Гарбук. // Расказваючы, апісваючы, затрымаць сваю ўвагу на кім‑, чым‑н. Паколькі большасць з апублікаваных у свой час твораў М. Косіч невядома сучаснаму чытачу, мы крыху спынімся на іх характарыстыкі. Казека. — Таварышы! Успомніце свой баявы шлях! — генерал коратка спыніўся на гісторыі зараджэння і развіцця ўсенароднага партызанскага руху. Шамякін. І вось вячэра зачалася! Спыніцца мушу я на квасе: Ён колер меў чырванаваты. Колас.

6. на кім‑, чым. Прыйсці да якога‑н. рашэння, заключэння; спыніць свой выбар на кім‑, чым‑н. Спыніцца на апошнім варыянце. □ — Дык як, Ніна, выбрала ты нарэшце «свайго героя» ці ўсё яшчэ не ведаеш, на кім з нас спыніцца? — ідучы па алеі, быццам жартам пытаўся Андрэй. Гурскі.

спыні́ць, спыю, спыніш, спыніць; зак.

1. каго-што. Затрымаць на месцы каго‑, што‑н., не даць рухацца каму‑, чаму‑н. — Глядзі ж, сынок! — спыніў .. [Міхася] бацька. — Слухай настаўніка. Колас. Міколку з дзедам спынілі некалькі чалавек. Лынькоў. Кандрат Назарэўскі саскочыў з воза і спыніў каня. Чорны. // Перапыніць працу чаго‑н. (механізма, завода і пад.). Механік лыпнуў вачыма, спыніў барабан і чамусьці палез на яго. Карпаў. [Рыгор Паўлоўскі] заклікаў рабочых кінуць работу, спыніць завод, пакуль гаспадар не выканае іх патрабаванняў. Кудраўцаў. // Перастаць працаваць. Памочнік спыніў работу, кіўнуў настаўніку галавою і чакаў далейшага выяснення справы. Колас. // Перапыніць свой рух. Ні самалёты, ні танкі .. — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль. Вінцэсь спыніў крокі, апусціўся на падлогу і зазірнуў Сяргею ў вочы. Мікуліч. // Затрымаць, адбіўшы атаку. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку. «Звязда». // Не даць магчымасці сысці крывёю. [Цярэшка] зняў папружку і, каб спыніць кроў, перавязаў Нініну нагу вышэй раны. Шчарбатаў.

2. што. Стрымаць развіццё, пашырэнне, рух (думак, поглядаў і пад.). Але нішто не можа спыніць распаўсюджвання ідэй марксізма-ленінізма ў масах, нішто не можа аслабіць пераўтвараючую сілу рэвалюцыйнай тэорыі. «Звязда».

3. што. Перапыніць, прыпыніць, перарваць (пра гаворку, смех і пад.). Але як толькі [гаспадар] пачуў, у чым справа, то спыніў размову. Маўр. [Маці] плакала і не магла спыніць слёз радасці. Якімовіч. / у перан. ужыв. І заспяваў так салавейка, што аж спынілі гоман дрэвы. Дубоўка. // Пакласці канец чаму‑н. (дзейнасці, размове і пад.) сваім умяшаннем. Ніхто тае трагедыі не спыніць І не падставіць, не падложыць рук. Чэрня. Разгляд справы быў адложан да таго часу, калі будзе злоўлен Сомік. А калі Сомікаў канец стаў вядомы, справу пра замах на Рыгора зусім спынілі. Крапіва. Тут умяшаўся настаўнік і спыніў спрэчку .. [Грышы і Лёні]. Васілевіч. // Перапыніць, затрымаць натуральныя працэсы развіцця. Цвіцення [дрэў] нішто не магло спыніць. Мележ. Хіба ж можна сонца рух спыніць? Часу вечны бег спыніць ці ж можна? Звонак.

4. каго-што. Утрымаць каго‑н. ад якіх‑н. учынкаў, дзеянняў, намеру зрабіць што‑н., не раіць што‑н. рабіць. Спыніць бойку. □ Ды дзед Антон спыніў агонь: — Страляеш не па цэлі! Смагаровіч. — Што ты робіш! — закрычаў Андрэй. Але гэты вокрык не спыніў Марыны. Шахавец. Фёдараў хацеў абмінуць хлопца, але Юзік спыніў яго. Гамолка.

5. што. Затрымаць увагу на кім‑, чым‑н., накіраваць на каго‑, што‑н. (погляд, позірк). У гэты момант Андрэй паглядзеў на.. [сябровак], спыніў позірк на Насці і здзіўлена ўзмахнуў брывамі. Шамякін. З цікаўнасцю .. [Комлік] агледзеў стракатую сталовую і раптам спыніў позірк на трэльяжы ў кутку. Карпаў.

спыня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да спыніцца.

2. Зал. да спыняць.

спыня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да спыніць.

спы́рсканы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спырскаць.

спы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Пакрапіць пырскамі; апырскаць. Спырскаць бялізну.

2. што. Зрасходаваць пырскаючы; выпырскаць. Спырскаць духі.

спы́рскванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спырскваць — спырснуць.