спыні́ць, спыю, спыніш, спыніць; зак.
1. каго-што. Затрымаць на месцы каго‑, што‑н., не даць рухацца каму‑, чаму‑н. — Глядзі ж, сынок! — спыніў .. [Міхася] бацька. — Слухай настаўніка. Колас. Міколку з дзедам спынілі некалькі чалавек. Лынькоў. Кандрат Назарэўскі саскочыў з воза і спыніў каня. Чорны. // Перапыніць працу чаго‑н. (механізма, завода і пад.). Механік лыпнуў вачыма, спыніў барабан і чамусьці палез на яго. Карпаў. [Рыгор Паўлоўскі] заклікаў рабочых кінуць работу, спыніць завод, пакуль гаспадар не выканае іх патрабаванняў. Кудраўцаў. // Перастаць працаваць. Памочнік спыніў работу, кіўнуў настаўніку галавою і чакаў далейшага выяснення справы. Колас. // Перапыніць свой рух. Ні самалёты, ні танкі .. — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль. Вінцэсь спыніў крокі, апусціўся на падлогу і зазірнуў Сяргею ў вочы. Мікуліч. // Затрымаць, адбіўшы атаку. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку. «Звязда». // Не даць магчымасці сысці крывёю. [Цярэшка] зняў папружку і, каб спыніць кроў, перавязаў Нініну нагу вышэй раны. Шчарбатаў.
2. што. Стрымаць развіццё, пашырэнне, рух (думак, поглядаў і пад.). Але нішто не можа спыніць распаўсюджвання ідэй марксізма-ленінізма ў масах, нішто не можа аслабіць пераўтвараючую сілу рэвалюцыйнай тэорыі. «Звязда».
3. што. Перапыніць, прыпыніць, перарваць (пра гаворку, смех і пад.). Але як толькі [гаспадар] пачуў, у чым справа, то спыніў размову. Маўр. [Маці] плакала і не магла спыніць слёз радасці. Якімовіч. / у перан. ужыв. І заспяваў так салавейка, што аж спынілі гоман дрэвы. Дубоўка. // Пакласці канец чаму‑н. (дзейнасці, размове і пад.) сваім умяшаннем. Ніхто тае трагедыі не спыніць І не падставіць, не падложыць рук. Чэрня. Разгляд справы быў адложан да таго часу, калі будзе злоўлен Сомік. А калі Сомікаў канец стаў вядомы, справу пра замах на Рыгора зусім спынілі. Крапіва. Тут умяшаўся настаўнік і спыніў спрэчку .. [Грышы і Лёні]. Васілевіч. // Перапыніць, затрымаць натуральныя працэсы развіцця. Цвіцення [дрэў] нішто не магло спыніць. Мележ. Хіба ж можна сонца рух спыніць? Часу вечны бег спыніць ці ж можна? Звонак.
4. каго-што. Утрымаць каго‑н. ад якіх‑н. учынкаў, дзеянняў, намеру зрабіць што‑н., не раіць што‑н. рабіць. Спыніць бойку. □ Ды дзед Антон спыніў агонь: — Страляеш не па цэлі! Смагаровіч. — Што ты робіш! — закрычаў Андрэй. Але гэты вокрык не спыніў Марыны. Шахавец. Фёдараў хацеў абмінуць хлопца, але Юзік спыніў яго. Гамолка.
5. што. Затрымаць увагу на кім‑, чым‑н., накіраваць на каго‑, што‑н. (погляд, позірк). У гэты момант Андрэй паглядзеў на.. [сябровак], спыніў позірк на Насці і здзіўлена ўзмахнуў брывамі. Шамякін. З цікаўнасцю .. [Комлік] агледзеў стракатую сталовую і раптам спыніў позірк на трэльяжы ў кутку. Карпаў.