спла́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Даплысці да якога‑н. месца і прыплысці назад.
спла́віцца, ‑віцца; зак.
1. Злучыцца шляхам плаўлення.
2. Аб’яднацца ў непадзельнае цэлае; злучыцца. Сціснутая страшэнным цяжарам зямных пластоў, соль — і калійная, і спажыўная — спрасавалася, сплавілася ў суцэльны, без адзінай трэшчынкі, важкі і цвёрды камень. Чаркасаў. / у перан. ужыв. Рэальнасць і ўспаміны сплавіліся ў адно. Савіцкі.
спла́віць 1, сплаўлю, сплавіш, сплавіць; зак., што.
1. Злучыць шляхам плаўлення. Сплавіць жалеза з хромам.
2. перан. Аб’яднаць у непадзельнае цэлае; злучыць. Каб сплавіць іх характары, рысы і звычкі ў адно, то вельмі можа быць, што ў такога хлопца .. [Маша] закахалася б адразу, такі набліжаўся б да яе ідэалу. Шамякін.
спла́віць 2, сплаўлю, сплавіш, сплавіць; зак.
1. што. Адправіць уплынь па цячэнню ракі (лес і пад.). [Немцы] спяшаліся, каб да замаразкаў сплавіць лес. Гурскі.
2. перан.; каго-што. Разм. Імкнучыся пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н., адправіць або ўладкаваць яго куды‑н. Вопытная настаўніца, палічыўшы .. [Барыса] безнадзейным, пастаралася сплавіць яго Лене. Няхай. Мы сплавілі .. [кабылу] артылерыстам: можа ў кампаніі з іншымі коньмі будзе цягнуць гармату. Лужанін. // Збыць, прадаць што‑н. [Бялькевіч:] — Я і сам яго [сома] не пакаштаваў нават. Жонка ў раён сплавіла. Прадалі. Савіцкі.
спла́каны, ‑ая, ‑ае.
1. Распухлы, пачырванелы ад плачу; са слядамі слёз. Сплаканы твар. □ Мукі ў цёткі няма, і яна, выцершы сплаканыя вочы, збіраецца ісці пазычаць у суседзяў. Якімовіч.
2. Які праліў шмат слёз, змучаны плачам. Сплаканы і знясілены, раскінуўшы ручкі, хлопчык спаў на зялёнай мураве. Сабаленка.
спла́кацца, сплачуся, сплачашся, сплачацца; зак.
1. Праліць шмат слёз; змучыцца ад плачу. На свежым пяньку хлапчук малы Сплакаўся — усхліпвае ледзьве. Барадулін.
2. Выплакацца. Пакуль не сплачашся, не палягчэе. Паўлаў.
спланава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спланаваць.
спланава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.
1. Скласці план або праект пабудовы. Спланаваць будынак.
2. Размясціць, пабудаваць паводле плана; адвесці месца для размяшчэння чаго‑н. Спланаваць вуліцу. Спланаваць парк.
3. Скласці план якіх‑н. мерапрыемстваў, развіцця чаго‑н.; арганізаваць (справу, работу і пад.) у адпаведнасці з планам. Спланаваць вясеннія работы. □ Прыйшлі яны [партызаны] ў лагер проста Між соснаў, між кронаў дубовых, І там на карце з бяросты Спланавалі свой бой чарговы. Нядзведскі. Цямнела, а .. [Максім] аставаўся ў канторы з Марголіным, каб спланаваць наступны дзень. Грамовіч. // Намеціць па плану; уключыць у план; запланаваць. Спланаваць на лета паездку на ўзмор’е.
сплані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што і без дап.
Планіруючы, зрабіць пасадку. Нарэшце паветраныя падарожнікі асцярожна спланіравалі і апусціліся на зямлю. Гамолка.
сплаў 1, сплаву, м.
Сумесь, злучэнне двух або некалькіх плаўкіх цел (звычайна металаў). Лёгкія сплавы. □ Акрамя адлівак з шэрага чыгуну, на некаторых заводах дарэвалюцыйнай Беларусі было асвоена прымітыўным спосабам ліццё медных сплаваў. «Весці». // перан. Злучэнне розных элементаў, частак і пад. чаго‑н. Мова літоўскіх летапісаў з’яўляецца своеасаблівым сплавам старой кніжнай мовы з элементамі жывой беларускай гаворкі. Шакун. [Паэма М. Танка] «Нарач» — смелая спроба зліць у адным сплаве элементы эпасу, лірыкі, драмы. Бярозкін.
сплаў 2, сплаву, м.
Дзеянне паводле дзеясл. сплаўляць 2 — сплавіць 2 (у 1 знач.).
спла́ўка, ‑і, ДМ сплаўцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. сплаўляць 1 — сплавіць 1 (у 1 знач.).