Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спява́к, спевака, м.

1. Той, хто ўмее пець, хто добра спявае. З вялікім натхненнем спевака заліваўся Лазар, падаючы свайму голасу самую тонкую лірычнасць. Колас. / Пра пеўчых птушак. Якраз на тое салавейка тут заспяваў [на] поўны голас. Ад Івянца і да Вілейкі не знойдзеш спевака такога. Дубоўка.

2. Той, для каго спевы з’яўляюцца прафесіяй. Оперны спявак. Камерны спявак.

спява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спяваць.

спява́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спецца.

2. Выконвацца, узнаўляцца голасам. [Ладымер:] — Вы [маладое пакаленне], думаеце, на тое гэта калыханка спявалася, каб дзіця заснула? Чорны. // Гучаць. У галаве песня спяваецца, а на язык не ідзе. Якімовіч. // Быць зместам песні, песень. Аленка ведала, што часамі хлопцы і дзяўчаты любяцца, што ёсць на свеце каханне, нават і ў песнях аб ім спяваецца. Колас.

3. безас. Пра наяўнасць жадання, настрою пець. Ды і наогул на дзяўчат нібы які мор пайшоў: ім не спявалася, не гулялася. Паўлаў.

4. Зал. да спяваць (у 1, 2 і 5 знач.).

спява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і без дап. Утвараць голасам музыкальныя гукі; выконваць вакальныя творы, пець. Спяваць песню. □ Над Нёманам, Беразіной Яе [песню] спяваюць партызаны. Танк. // Умець пець. Марцін добра спяваў, танцаваў, весяліў людзей вострым словам. Брыль. Бадай ніхто так з хлопцаў не спяваў у Ельнічах, як Ляткоўскі. Вітка. // Цёхкаць, шчоўкаць, свістаць (пра пеўчых і іншых птушак). Яны [салаўі] спяшаліся спяваць, Яны сябе не шкадавалі, Як быццам свет уратаваць Сваёю песняю жадалі. Дайнека. // перан. Гаварыць, чытаць нараспеў. — Вечар добры, вечар добры! — неяк асабліва ласкава спявае .. [Амэля] ў адказ на прывітанне Антака Мазалеўскага. Васілевіч.

2. каго-што і без дап. Выконваць оперную партыю; выступаць на сцэне, у тэатры спеваком, спявачкай. Спяваць Анегіна. □ Спяваў на сцэне млява Ленскі Пра залатыя дні вясны. Панчанка.

3. перан.; без дап. Быць прасякнутым пачуццём радасці, усхваляванасці, захаплення. Хіба можна злавацца, калі спявае ўся твая істота? Шамякін. Спявай ты, Беларусь, у радасці спявай! Купала. Ты скажы такое слова, Каб душа спявала, Ад каторага б на сэрцы Рана зажывала. Русак.

4. перан. Меладычна гучаць (пра музычныя інструменты). [Юра] трос грыф: гітара сама спявала і плакала. Васілевіч. Спявалі мяхі распісныя, Скакалі між пальцаў лады. Калачынскі. // Рыпець, пішчаць, свістаць (пра розныя прадметы). Над пшанічным полем спявалі кулі. Чорны. Калі ж ішоў у свіран ураджай, — Спявалі пілы і сякеры ў лад. Астрэйка. / Пра завыванне ветру, мяцеліцы і пад. Ой ты, вецер, не шумі, Не спявай так нудна! Колас. Віхура, відаць, яшчэ не зусім уляглася. Усю ноч спявала пад акном. Машара.

5. што. Усхваляць, услаўляць у вершах, песнях каго‑, што‑н. Пісьменнік хоча адгукнуцца на ўсё, што адбываецца ў савецкай краіне. [Максім Танк] спявае гімны вызваленню. Бугаёў. І паэт, як добры, пільны гаспадар, спявае славу працы. «ЛіМ». / у паэт. ужыв. Гімн чалавечай працы Спяваюць кельмы гучна. Аўрамчык.

6. Разм. Многа гаварыць аб чым‑н. з карыснай мэтай. Ён [Богут] перад ёю выдыгае, як закаханы, малады. «Мальвіна, жонка дарагая!» — Спявае ён на ўсе лады. І распытаў, як гасцявала. Колас. // Гаварыць іншае, чым раней. Пасля сходу ён пачаў інакш спяваць.

•••

Спяваць асанну (кніжн.) — узносіць, усхваляць каго‑н.

Спяваць на новы лад — а) пець новыя песні; б) гаварыць па-іншаму, не так, як раней.

Спяваць славу — расхвальваў, праслаўляць каго‑н. [Паходня:] — Ты з большым здавальненнем слухаў, як спяваў табе славу Бабейка: «Паважаны таварыш дырэктар», «таварыш Ваўчок распарадзіўся». Хадкевіч.

спява́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чаіс; ж.

Жан. да спявак.

спяка́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Уласцівасць часцінак цвёрдага рэчыва шчыльна злучацца, спайвацца пры высокай тэмпературы. Спякальнасць каменнага вугалю.

спяка́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, заняты спяканнем.

спяка́нне, ‑я, н.

Спец.

1. Шчыльнае злучэнне асобных часцінак цвёрдага рэчыва пры высокай тэмпературы. Спяканне тарфяных пластоў.

2. Працэс атрымання цвёрдых і порыстых кавалкаў з дробных, парашкападобных або пылападобных матэрыялаў; агламерацыя. Спяканне баксітаў.

спяка́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спячыся (у 1, 5 знач.).

2. Спец. Мець здольнасць да спякання (у 1 знач.).

спяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Спец.

1. Выклікаць спяканне (у 1 знач.).

2. Рабіць спяканне (у 2 знач.), агламерацыю.