спрэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Спаборніцтва на словах, абмеркаванне чаго‑н. дзвюма або некалькімі асобамі, у часе якога кожная з іх адстойвае сваю пазіцыю. За ўвесь сённяшні дзень гэта было адно пытанне [аб начлезе], па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Маўр. Зіна пайшла да сваіх, пакінуўшы радыстаў з іх даўняй спрэчкай: як будуць жыць пасля вайны людзі. Ваданосаў. // Барацьба думак па розных пытаннях навукі, літаратуры і пад.; палеміка (звычайна ў друку). Ужо даўно ідуць спрэчкі наконт таго, ці можна нарыс падзеляць на мастацкі і немастацкі. «ЛіМ». // Разм. Сварка, рознагалоссі. У Косцікавым двары такая пачалася гарачая гаворка, што кончылася яна слязьмі і спрэчкаю. Чорны. Яны [вада, агонь і вецер] уступілі трое ў спрэчку між сабою, крычаць, шумяць, трасуцца ды за чубы бяруцца. Дзеружынскі.
2. Аспрэчванне правоў на валоданне чым‑н. Спрэчкі аб маёмасных правах. □ Сонца звярнула з поўдня, пакуль разабраў старшыня іх [Кузьмы і Петрака] спрэчку і вызначыў ім мяжу. Нікановіч.
3. перан. Барацьба, змаганне з чым‑н.; супраціўленне чаму‑н. У прыказках і прымаўках знайшла адлюстраванне спрэчка, якую вёў чалавек працы з непрымальнымі для яго поглядамі. Шкраба. Гэта была вострая спрэчка паміж старым і новым старшынёю. Гурскі.
4. Публічнае абмеркаванне якіх‑н. пытанняў. Ні першага даклада, ні спрэчак, якія разгарнуліся пасля яго, прафесар амаль не чуў. Галавач. [Старшыня сходу:] — Ужо другая гадзіна ночы, а яшчэ не выступіла і палавіна таварышаў, якія запісаліся для спрэчак. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)