спрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каму-чаму.
1. Садзейнічаць; памагаць. [Сабалеўскі:] — Мой абавязак, як палкавога ўрача, спрыяць словам і справай вашым поспехам у лётнай рабоце. Алешка. Гуманістам можа быць толькі той, хто спрыяе шчасцю працоўнага чалавека. Ярош. [Казік да Веры:] — А мне не можа [Віктар] дараваць, што я спрыяў твайму збліжэнню з Максімам і што ты адмовіла таму ўдаўцу-асадніку. Машара. // (1 і 2 ас. не ўжыв.) і без дап. Быць прычынай чаго‑н., памагаць, рабіць магчымым узнікненне, развіцця чаго‑н. Чыгунка спрыяла таму, што Міця рана стаў цікавіцца справамі, якія ідуць у вялікім свеце. Навуменка. Станаўленню светапогляду паэта спрыяла тое, што ў часе вучобы ён актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх гуртках. Няхай. Калгаснікі дажалі жыта і пачалі жаць ярыну. Надвор’е спрыяла. Чорны. Гунава не прыехаў.. Гэта таксама не спрыяла настрою Сімона. Самуйлёнак. // Разм. Аказваць патрэбнае дзеянне, прыносіць карысць. [Алімпа:] — І не думай, Тэлё, — палягчэе: вельмі ж спрыяе .. [зелле] на хворае нутро. Вышынскі.
2. Праяўляць добразычлівасць да каго‑н. Пад .. [дубам] Даніла зрабіў столік і лавачкі, зрабіў для Грушкі і для ўсіх, хто яму спрыяе. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)