цэсарэ́віч, ‑а, м.
У Расіі — афіцыяльны тытул наследніка прастола. // Асоба, якая мела гэты тытул. «З сялян павінна быць сыскана, — загадваў цэсарэвіч Канстанцін, — а ўсю строгасць закона ўскласці на Валадковіча». «Полымя».
цэсто́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Істужкавы чарвяк.
цэ́тлік, ‑а, м.
Разм. Распіска, квітанцыя. Другі перакладчык, які дагэтуль маўчаў, раздае старастам цэтлікі. Навуменка.
цэ́ўка, ‑і, ДМ цэўцы; Р мн. цэвак; ж.
1. Спец. Дэталь перадатачнага механізма цыліндрычнай формы.
2. Прыстасаванне ў выглядзе трубкі, на якое навіваюцца ніткі і якое ўстаўляецца ў чаўнок пры тканні. Кужаль Маланка снавала, Цэўкі сукала і ткала. Купала. А потым.. [Фядора] сама памагла Анюце сукаць цэўкі. Васілевіч.
3. Косць у назе птушкі, якая знаходзіцца паміж галёнкай і пальцамі.
цэ́ўкавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цэўкі (у 1 знач.), ажыццяўляецца з дапамогай цэвак. Цэўкавая машына. Цэўкавая перадача.
2. Які з’яўляецца цэўкай (у 3 знач.). Цэўкавая кветка.
цэх, ‑а, м.
1. Уст. У сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе — гарадская арганізацыя рамеснікаў адной прафесіі. Да нашых часоў дайшлі статуты цэхаў металістаў, краўцоў, шаўцоў, муляраў. «Полымя».
2. Асноўнае вытворчае падраздзяленне прамысловага прадпрыемства. Друкарскі цэх. Кацельны цэх. □ На заводзе закрылі ўсе цэхі, дзе вырабляліся электрапрыборы для ўжытку. Шамякін. Павіншавалі мы яго І па-ранейшаму, папросту. Калегі цэха аднаго, Дзялілі радасць, боль і роздум. Гілевіч. // Памяшканне, дзе размяшчаецца такое падраздзяленне. Для ўліку расходу электраэнергіі ў цэхах устаноўлены лічыльнікі. «Звязда».
[Ням. Zeche.]
цэх...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «цэхавы», напрыклад: цэхкамітэт, цэхмайстар.
цэ́хавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цэха, адпавядае патрабаванням цэха (у 1 знач.). Цэхавыя карпарацыі. Цэхавыя законы. Цэхавыя прывілеі.
2. Які мае адносіны да цэха (у 2 знач.), належыць цэху. Цэхавы сход. Цэхавае абсталяванне. Цэхавы камітэт. □ [Піліп] нават напісаў пра Міхаську ў цэхавую насценную газету. Кулакоўскі.
3. перан. Вузкі, замкнёны ў межах сваёй групы, прафесіі і пад.; абмежаваны.
цэхаўшчы́на, ‑ы, ж.
Разм. Замкнёнасць у межах сваёй прафесіі, прафесіянальная вузкасць.