Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скалясі́ць, ‑ляшу, ‑лясіш, ‑лясіць; зак., што.

Разм. Аб’ездзіць, абхадзіць. [Марцін:] — Мой сын — партызан, усе лясы скалясіў. Карпюк. Трэба было шукаць нейкай рады, і Жылуновіч скалясіў у пошуках працы Беларусь, Украіну, Літву і Латвію. С. Александровіч.

скама́ндаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак.

Выказаць словы каманды, аддаць які‑н. загад. — Стройся! — скамандаваў тады Корчык, выходзячы.. на дарогу. М. Ткачоў. — Вольна! — скамандаваў.. [Ягораў]. Байцы ўскалыхнуліся, ім перадалося хваляванне камандзіра. Краўчанка. // Разм. Распарадзіцца, загадаць зрабіць што‑н. — Пастаў чамадан! — раптам скамандаваў Сцяпан Міхею і ўхапіў Маю за руку. Дуброўскі. — А ну, возьмемся талакой, — скамандаваў Макар. Колас.

скамаро́ства, ‑а, н.

1. Гіст. Занятак, прафесія скамароха.

2. Разм. Камедыянцтва, штукарства, крыўлянне. [Міхась] прыціснуў руку да грудзей і заплюшчыў вочы.. [Стэфа:] — Навошта гэтае скамароства? Савіцкі.

скамаро́х, ‑а, м.

1. У Старажытнай Русі і ў пазнейшы час — вандроўны акцёр. Першае ўпамінанне аб скамарохах на Беларусі мы знаходзім у пропаведзях Кірылы Тураўскага (XIII стагоддзе). «Беларусь». Бацька, дзед і прадзед умелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Гарэцкі. Адна з найбольш маляўнічых карцін спектакля паказвае выступленне вандроўных скамарохаў. Няфёд.

2. Разм. зневаж. Пра чалавека, які пацяшае другіх сваімі камедыянцкімі, штукарскімі выхадкамі.

скамаро́хаў, ‑ава.

Які мае адносіны да скамароха, уласцівы яму; такі, як у скамароха. Скамарохаў каўпак.

скамаро́шнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Паводзіць сябе так, як скамарох; крыўляцца. [Людміла:] Сярожа! Пакінь скамарошнічаць, а то я пайду. Кучар.

скамаро́шны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скамароства (у 1 знач.). Скамарошнае мастацтва.

скамбінава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скамбінаваць.

скамбінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе.

Зак. да камбінаваць (у 1, 3 знач.).

скаме́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скамячыць.

2. у знач. прым. Змяты, ператвораны ў камяк, у жмут. Гэля.. ўстала з месца, паправіла на сабе скамечанае адзенне і падліла ў шклянкі піва. Гартны. Міма.. [Карпа] прайшоў малады партызан і непрыкметна сунуў яму ў руку скамечаную паперку. Шамякін.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Стомлены, змардаваны (пра твар). Бледны, скамечаны твар, рэдка калі паголены.. — усё гэта гаварыла за тое, што Селядцоў расчараваўся ў жыцці. Пестрак.