дурно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце і дурната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
Тое, што і дурасць. Сэрца маці згаджалася, а розум пратэставаў, баяўся, каб, крый божа, не нарабіла [дачка] глупства па дурноце. Васілевіч.
дурны́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Разумова абмежаваны, тупы; неразумны. Дурная галава. □ Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурны. Якімовіч. // Наіўны, неспрактыкаваны, нездагадлівы. Лявон важна сказаў: — Дурныя вы, могілкі — самае бяспечнае месца. Асіпенка. // Які выражае разумовую абмежаванасць, сведчыць аб дурасці. — Калі сустрэнеш папа на дарозе — не к дабру, — кажуць людзі. Міхалка плюе, нібы верыць у гэты дурны забабон. Бядуля. // Выпадковы, беспадстаўны. Дурны смех.
2. у знач. наз. дурны́, ‑о́га, м. Тое, што і дурань. Дурному закон не пісан. Прыказка.
3. Варты асуджэння; дрэнны, непрыемны. [Караневіч:] Была адна дурная гісторыя, пра якую мне не хочацца гаварыць. Крапіва. — Я гэта табе кажу для таго, каб ты зразумела мяне і не дакарала за мой дурны і недаравальны ўчынак. Лобан. / у знач. наз. дурно́е, ‑о́га, н. Дурное лезе ў галаву.
4. Цяжкі, благі. Нешта садніла сэрца ў Ганны, настрой дурны навяваўся на яе. Нікановіч.
•••
Дурны як бот; дурны як баран — пра разумова адсталага чалавека.
Дурным голасам гл. голас.
З дурнога розуму гл. розум.
Няма дурных! гл. няма.
Як на маю дурную галаву (мой дурны розум) гл. галава.
дуро́нік, ‑а, м.
Разм. Свавольнік, гарэза. Па вадзе шлёпаюць басанож малыя дуронікі, закасаўшы нагавіцы, задраўшы кашулі. Гарэцкі.
дуро́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Свавольны, гарэзлівы. Дуронае дзіця.
ду́рра, ‑ы, ж.
Трапічная хлебная расліна сямейства злакаў; род сорга.
[Араб. durra.]
ду́рыкі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. дурыцца; свавольства. Хопіць дурыкаў.
дуры́ла, ‑ы, м.
Разм. лаянк. Дурань, дурніца. «Бадай жа ты прапаў, мой мілы! Не знаць бы век цябе, дурылы!» Колас.
дуры́цца, дуруся, дурышся, дурыцца; незак.
Разм. Дурэць, сваволіць; блазнаваць. — Не дурыся, шалапут, то дам капейку на цукеркі. Гартны. Пакінь дурыцца, Андрэй, — стаў строгім Пятро. — Не люблю такіх фокусаў. Шахавец. // Жартуючы, прыкідвацца. [Праменны:] Ты сапраўды пішаш гэту камедыю ці толькі дурышся? Крапіва.
дуры́ць, дуру, дурыш, дурыць; незак.
Разм.
1. што. Дакучаючы, дурманіць. Дурыць галаву размовамі. □ Адзін цвыркун навокал скача І вушы дурыць: цвыр... ды цвыр... Броўка.
2. Падманваць, разлічваючы на даверлівасць; збіваць з толку. — Жаніцца ты збіраешся? — Не ведаю і сам. — Дурыш ты, хлопча. Чорны.
3. Рабіць недарэчныя ўчынкі. — Ты мне не дуры! — крычыць .. [дзядзька]. — Не смяшы людзей, чуеш! У дровы ён паедзе... Бачылі! Хочаш, каб суседзі мне вочы калолі. Глядзі мне, бо намачу лейцы і так адсцёбаю... Жычка.
•••
Дурыць галаву каму — збіваць з толку, уводзіць у зман.
дурэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
1. Забаўляцца, сваволіць, дурыцца. Некалькі хлапчукоў-падлеткаў дурэлі, ганяючыся адзін за адным на прасторным ганку клуба, асветленым гірляндай электралямпачак. Хадкевіч. — Ну, Ігнат, глядзі, брат, Не дурэй, вучыся. Колас.
2. Разм. Прыходзіць у стан адурэння; ачмурацца. Дурэць ад пахаў.