Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сталя́р, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па тонкай і дэтальнай апрацоўцы драўніны і вырабах з яе. — Хто гэта? — спытаўся я. — Сталяр сякі-такі, — адказаў Мікола. — Вокны робіць у нас. Брыль.

сталярава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм. Тое, што і сталярнічаць.

сталя́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм.

1. Сталярныя вырабы. Усю зіму пратупаў Карл Раманоўскі ля свае хаты, сам зрабіў усю сталярку, а на вясну яго сям’я мела свой кут на пляцы дзеда Фелікса пад старой грушай-дзічкай. С. Александровіч.

2. Занятак сталярнай справай, рамяство сталяра. Зімою яшчэ сталяркаю [дзед Агей] трохі займаўся: таму заслон зробіць, таму прасніцу альбо матавіла. Крапіва. От праз гэты свой сарваны жывот Іллюк і цяслярства кінуў ды пачаў са сталяркаю цацкацца. Калюга.

3. Сталярня. Дзяўчына бессаромна карысталася яго паслугамі. [Юнак] рашаў за яе задачы, рабіў дамашнія заданні, працаваў у сталярцы, на агародзе. Шамякін.

сталя́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Выконваць сталярныя работы; займацца рамяством сталяра. Матросы ўжо марылі, як яны дэмабілізуюцца, хто пачне сталярнічаць, хто настаўнічаць, многія збіраліся працягваць вучобу. Б. Стральцоў. Бацька сталярнічаў пад павеццю. Адтуль далятаў .. свіст фуганка. Шамякін.

сталя́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сталяра, звязаны з рамяством сталяра. Сталярныя вырабы. Сталярная справа. // Прызначаны для працы сталяра. Сталярная майстэрня. □ Ладымер моўчкі, як і заўсёды, пройдзе ў сваё месца за сталярным варштатам. Чорны.

сталя́рня, ‑і, ж.

Разм. Сталярная майстэрпя. Індустрыяй на сяле .. [Рудакоўскі] на поўным сур’ёзе лічыў кузні, сталярні, рымарні, а тых, хто ў іх працуе, вясковым пралетарыятам. Місько.

сталя́рскі, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сталярны. Сталярскія інструменты. Сталярская брыгада. □ Даволі прасторныя сенцы аддзялялі хату ад каморы, у якой стаяў сталярскі варштат з гэблікамі і рубанкамі, габлёваныя дошкі і ляжалі пахучыя хваёвыя стружкі. Колас. Сталярскі цэх мясціўся гэтак сама ў асобным драўляным будынку. Галавач.

сталя́рства, ‑а, н.

Рамяство, занятак сталяра. [Сабастыян:] — Я некалі .. у нябожчыка бацькі на[ву]чыўся сталярству. Чорны. Пры ахвоце ён [Хацяноўскі] мог усё зрабіць па сталярству і цяслярству, аднак у хаце замест зэдліка стаяла калодка, замест ложка былі сяк-так збітыя нары. Кулакоўскі.

сталяры́ха, ‑і, ДМ ‑рысе, ж.

Разм. Жонка сталяра.

сталя́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Тое, што і сталярнічаць. [Марцін] па-звычайнаму займаўся ўсім пакрысе: шыў, сталярыў, ладзіў коміны і печы. Чарнышэвіч.