зні́клы, ‑ая, ‑ае.
Які знік, перастаў існаваць, стаў нябачным. Уздыхнуў фурман стары. Можа ўспомніў век пражыты, .. Жыцця зніклыя агні. Колас.
знікне́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. знікаць — знікнуць. Знікненне антаганістычных класаў.
зні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. знік, ‑ла; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць існаваць, быць у наяўнасці. Страх знік. Туман знік. □ Млявасць знікла, галава не кружылася, ногі не падгіналіся. Якімовіч. Зніклі завірухі, К нам вясна прыйшла. Журба. // Згубіцца, падзецца невядома куды. Толькі дзіўная праява — Сніцца Пецю сон цікавы. Трэба ў школу, а тут зніклі Зноўку дзесьці чаравікі. Кляўко. // Перастаць выяўляцца, праяўляцца. У вачах зніклі іскры гарэзнасці, не чуваць вясёлага смеху. Алешка.
2. Схавацца з віду, з поля зроку; стаць нябачным. Зніклі ў хвалях жыта вузкія сцяжынкі, Каласы набраклі бурштыновым сокам. Панчанка. Двое невядомых ужо зніклі ў цемры, а Федзя ўсё стаяў і стаяў ля вугла царквы, баючыся крануцца з месца. Ваданосаў. // Непрыкметна ці хутка пакінуць якое‑н. месца. Драгун з мястэчка знік. Нават сям’ю вывез. Навуменка.
3. Перастаць з’яўляцца дзе‑н. на працягу доўгага часу. — Яму абавязкова на нейкі час трэба знікнуць ад паліцэйскага вока. Гартны. Сам Яўхім знік і некалькі дзён не паказваўся ў Антося. Чарнышэвіч.
•••
Знікнуць з вачэй — перастаць быць у полі чыйго‑н. зроку, не паказвацца каму‑н. на вочы.
Знікнуць з гарызонта — перастаць з’яўляцца сярод якіх‑н. людзей.
зніма́нне і здыма́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. знімаць, здымаць.
зніма́цца і здыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да зняцца.
2. Зал. да знімаць, здымаць.
зніма́ць і здыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зняць.
знітава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць знітаванага. Арганічная сувязь, сюжэтная знітаванасць усіх частак твора абумоўлена ідэйна-мастацкім замыслам аўтара. Казека.
знітава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад знітаваць.
2. перан.; у знач. прым. Моцна звязаны, з’яднаны дружбай. Аляксандр развясельваўся, падыходзіў да Уладзіка, ці да Сымона, або да Андрэя — гэта была самая знітаваная чацвёрка ў камеры. Колас.
знітава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца, зак.
1. Зак. да нітавацца.
2. перан. Злучыцца, з’яднацца. Яшчэ мацней прыціснуўся да частаколу, знітаваўся з ім, зрабіўся частаколінаю я. Баранавых. Мне карцела: можа .. [Анастасся Паўлаўна] што больш пэўнае ведае пра дзядзьку Пракопа, з лёсам якога цяпер гэтак знітаваўся і мой. Сабаленка.