Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зме́ркнуць, ‑не; пр. змерк, ‑ла; зак.

1. безас. Тое, што і змеркнуцца. Так скора змеркла, мабыць, таму, што неба зусім нахмурылася і, здаецца, стала ніжэйшае. Чарнышэвіч. Быў вечар, змеркла нядаўна. Чорны.

2. Пакрыцца змрокам; пацямнець. Неба наперадзе, куды ішла дарога, зусім змеркла, ягоная вышыня над намі замутнелася няпэўным колерам. Быкаў. // перан. Страціць сілу, значэнне; загаснуць. Слава змеркла.

зме́рці, самрэ; самром, самраце; пр. змёр, змерла і змёрла; зак.

Разм. Памерці (пра ўсіх, многіх). Бацькі .. [хлопца] ў вайну ўцяклі недзе з-за Вільні сюды і тут змерлі. Чорны.

зме́рыць,

гл. змераць.

змест, ‑у, М ‑сце, м.

1. Тое, пра што расказваецца, што выкладаецца, адлюстроўваецца дзе‑н.; тэма (кнігі, артыкула, карціны і пад.). Змест кнігі. Змест оперы. Змест размовы. □ Часамі Данута перакладала змест якога-небудзь англійскага або французскага артыкула, і мы разам захапляліся рознымі дробязямі. Карпюк. // Пералік раздзелаў, састаўных частак кнігі з указаннем старонак, змешчаны ў канцы ці пачатку.

2. Сэнс, сутнасць чаго‑н. Яўхім маўчаў. Але і ў маўчанцы аднаго і ў лёгкіх жартах другіх быў адзін змест і адзін сэнс. Мурашка. [Нават] хаты, поле і лес у сваім старым выглядзе набылі новы змест, тварылі новыя настроі. Бядуля. // Аснова з’явы ці працэсу, якая вызначае іх сутнасць. Форма і змест. Культура нацыянальная па форме і сацыялістычная па зместу.

зме́сці, змяту, змяцеш, змяце; змяцём, змецяце; пр. змёў, змяла, ‑ло; заг. змяці; зак., каго-што.

1. Метучы, зняць, сцерці з якой‑н. паверхні. І рухам ветлай гаспадыні Марына з лавы пыл змяла. Колас. // Знесці, падхапіўшы сваім рухам (пра вецер, буру, завіруху). Ледзяною роўнай сцежкай Вецер венікам прабег, Ён на радасць канькабежцам Мігам змёў са сцежак снег. А. Александровіч.

2. перан. Знішчыць, ліквідаваць. Сваёй магутнай дыктатурай Змяцём буржуяў і паноў! Бялевіч.

3. Метучы, сабраць у адно месца. Змесці збожжа ў кучу.

•••

Змесці з твару зямлі — тое, што і сцерці з твару зямлі (гл. сцерці).

Як ветрам змяло — пра нечаканае знікненне каго‑, чаго‑н.

зме́сціва, ‑а, н.

Тое, што змяшчаецца, знаходзіцца дзе‑н. Змесціва клеткі. □ Сумачку-чамаданчык .. [Вера] увесь час круціла ў руках, «кантуючы», і ўсё змесціва яе з шумам перакочвалася з аднаго канца ў другі. Дамашэвіч.

зме́цены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад змесці.

зме́ціць, змечу, змеціш, змеціць; зак., каго-што.

Разм.

1. Заўважыць, прыкмеціць. От жа бывае так: як ні хавайся, а ўсё роўна нехта змеціць цябе. Скрыган.

2. Паставіць меткі (скрозь, на ўсім); памеціць усё. Змеціць дрэвы.

зме́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад змяшаць.

2. у знач. прым. Які ўтварыўся шляхам змешвання, скрыжоўвання. Змешаная кроў. Змешаная парода жывёлы.

3. у знач. прым. Які складаецца з разнародных элементаў, частак; разнародны па складу. Змешаны рэпертуар. Змешаныя ўгнаенні. □ [Артысты] выходзілі ў фае, зліваліся з моладдзю горада, жартавалі на змешаных мовах. Скрыпка. // Спец. Які складаецца з розных народ, відаў дрэў; мяшаны (пра лес). Змешаны лес.

•••

Змешаны лік гл. лік.

зме́швальнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць вадкасцей растварацца адна ў другой, здольнасць утвараць аднародныя растворы.