Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дурнава́тасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць дурнаватага.

дурнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Не зусім разумны, крыху дурны. Бывалі такія выпадкі, калі які-небудзь дурнаваты язь або лешч, уцякаючы «на ваду», трапляў у сетку. Колас. // Які выражае разумовую абмежаванасць, тупасць. Руды, калматы Ігнат, хутка пасалавеўшы, упяўшы дурнаватыя вочы ў стол, амаль увесь час маўчаў — не дарма далі мянушку — Барак! Мележ.

дурнап’я́н, ‑у, м.

Ядавітая травяністая расліна сямейства паслёнавых з дурманлівым пахам. Перад хатай, дзе ў агародчыку да вайны Вольга вадзіла кветкі — мальвы, вяргіні, півоні, цяпер яшчэ густа буялі каструбаватыя калючыя кусты дурнап’яну. Мележ.

дурнап’я́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дурнап’яну. Дурнап’янавы пах.

дурната́,

гл. дурнота.

дурне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Страчваць разумовыя здольнасці, станавіцца дурным. А стары ўжо, бач, дурнее, Як за семдзесят залез. Колас.

дурні́ла, ‑ы, м.

Разм. лаянк. Дурань, дурніца. — Ну, хутчэй абувай, чуеш! Скакаць пойдзеш! — З табой? — Ну а што ж? Са мною! Ох ты, дурніла! Яшчэ падзякуй, што бяру! Чарот.

дурні́ца, ‑ы, м. і ж.

Разм. лаянк. Дурань, дурніла. А гэты Юзік — шаляніца, Малы яшчэ, зусім дурніца, Так пад нагамі і таўчэцца. Колас. — Вось скажу заўтра Казюку, што Грышка бачыў, — абазваўся Хведар. — Маўчы, дурніца... і слова нікому не рэкні. Чарот.

дурні́цы, ‑ніц; адз. дурніца, ‑ы, ж.

Тое, што і буякі.

дурні́чнік, ‑у, м., зб.

Разм. Сцёблы дурніц. Брусніц на пагорку, яшчэ зеленаватых, — што насыпана. Над імі — высокі дурнічнік, увесь у ягадах. Пташнікаў.