Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апапле́ксія, ‑і, ж.

Кровазліццё ў мозг або закупорка мазгавых сасудаў, якія выклікаюць параліч; інсульт.

[Грэч. apopleksia.]

апаражне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. апаражніць.

апаражні́цца, ‑ражнюся, ‑рожнішся, ‑рожніцца; зак.

1. Стаць пустым, парожнім. Апаражніліся першыя бутэлькі і першыя, талеркі. Крапіва.

2. Разм. Схадзіць па сваёй патрэбе.

апаражні́ць, ‑ражню, ‑рожніш, ‑рожніць; зак., што.

Зрабіць пустым, парожнім. [Юзя:] — Апаражні конаўку ды схадзі, калі хочаш, за грэблю па суніцы. Бажко. // Вызваліць, зрабіць свабодным. Пніцкі.. апаражніў месца за сталом. Чорны. // З’есці, выпіць усё да дна. Каб не пакрыўдзіць кухараў... [Віця] узяўся за лыжку і непрыкметна для самога сябе апаражніў усю міску. Корзун.

апаражня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да апаражніцца.

2. Зал. да апаражняць.

апаражня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да апаражніць.

апа́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад апарыць.

2. у знач. прым. Які мае сляды пашкоджання парай або кіпнем. Апараныя рукі.

•••

(Выскачыць) як апараны — раптоўна, хутка (выскачыць).

апарасі́цца, апаросіцца; зак.

Нарадзіць парасят.

апара́т, ‑а і ‑у, М ‑раце, м.

1. ‑а. Спецыяльны прыбор для выканання якой‑н. работы. Тэлефонны апарат. Даільны апарат. Фатаграфічны апарат. Тарпедны апарат.

2. ‑у. Сукупнасць органаў, якія выконваюць пэўную функцыю ў арганізме. Зрокавы апарат. Слыхавы апарат. Апарат кровазвароту.

3. ‑у. Сукупнасць дзяржаўных устаноў, якія абслугоўваюць пэўную галіну кіраўніцтва ці гаспадаркі. // Работнікі гэтых устаноў.

•••

Вестыбулярны апарат — орган у хрыбетных жывёлін і чалавека, які з’яўляецца часткай ўнутранага вуха і служыць для каардынацыі рухаў і захавання раўнавагі.

Дыфузійны апарат — апарат для атрымання шляхам дыфузіі каштоўных рэчываў з раздробненай сыравіны.

Касмічны апарат — спецыяльны апарат, прызначаны для палёту ў касмічнай прасторы.

Крытычны апарат — варыянты і заўвагі ў навуковым выданні літаратурнага ці гістарычнага тэксту.

Навуковы апарат — паказальнікі, каментарыі, бібліяграфія і пад. ў навуковым выданні.

[Ад лац. apparatus — абсталяванне.]

апара́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да апарата, звязаны з апаратам (у 1 знач.).

2. у знач. наз. апара́тная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе размешчана апаратура. Апаратная тэлецэнтра.