страхавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да страхавання жыцця, маёмасці і пад. Страхавыя аперацыі. Страхавы збор.
2. Звязаны з сацыяльным страхаваннем, які займаецца сацыяльным страхаваннем. Страхавы дэлегат. Страхавая медыцына. Страхавы ўрач.
3. Які прызначаны, служыць для забеспячэння каго‑, чаго‑н. у выпадку непрадбачаных няшчасных выпадкаў і стыхійных бедстваў. Страхавы насенны фонд. Страхавыя запасы кармоў.
страхаге́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Прадстаўнік арганізацыі, установы, якая праводзіць страхаванне (у 2 знач.); страхавы агент.
страха́р, ‑а, м.
Рабочы, які крые стрэхі. У нейкую далёкую і невядомую для мяне Ятвезь бацька панёс страхарам грошы. Мы павінны былі ім яшчэ з восені. Яны крылі нашу хату. Адамчык.
страхата́, ‑ы, ДМ ‑хаце, ж.
Разм.
1. Пра таго, хто (або тое, што) з’яўляецца пагрозай для каго‑н. Пазалочаны, сіняхвосты кукарэка, страхата для ўсіх суседніх пеўняў, станавіўся ў позу... Брыль.
2. у знач. вык. Тое, што і страх (у 2 знач.). А дома ў нас страхата — кругом беспарадак.
страхдэлега́т, ‑а, М ‑гаце, м.
Выбарны прадстаўнік у прафсаюзнай арганізацыі, які ажыццяўляе кантроль за правядзеннем мерапрыемстваў па сацыяльнаму страхаванню.
страхка́са, ‑ы, ж.
Каса сацыяльнага страхавання.
страхка́савы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да страхкасы. Страхкасавы бланк.
страхо́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае страх; жудасны. [Аксеня Маркаўна] гладзіла па галоўцы Вольку і думала бясконцую горкую думу: .. калі ўжо будзе канец гэтаму страхотліваму ліхалеццю. Марціновіч.
2. Які значна перавышае звычайную меру, норму; вельмі моцны. Страхотлівы дынамізм бясконцых сутычак з волатам пушчаў [у паэме М. Гусоўскага «Песня пра зубра»] павінен пераканаць чытача, што паляванне на зубра не забаўка і не проста забойства, а барацьба, рыцарскі занятак, проба смяротнай небяспекай. У. Калеснік.
страхо́тны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і страхотлівы. Народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі. Бядуля. Перад вачамі так і стаялі гэтая страхотная нямецкая шапка ды чорны карабін у руках, так і гучалі злосныя абразлівыя словы. Кулакоўскі.
страхо́ўка, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. страхаваць (у 1, 2 знач.).
2. Страхавая кампенсацыя. Да Шаманскага .. [Шаблонскі] паставіўся вельмі па-сяброўску. — Лён ты заары, Павел Паўлавіч, хоць страхоўку атрымаеш. Дуброўскі.
3. Разм. Страхавы плацеж, узнос. На самым днечку скрыначкі ляжалі даваенныя акладныя лісты і квітанцыі на аплату страхоўкі. Пальчэўскі.
4. перан. Сродак засцярогі ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. [Капітан:] — Для страхоўкі дзіця прыхапілі, каб больш верагоднай была версія. А што, калі мы не паверым у вашу версію. Сабаленка. Нават Андрэй, маўклівы канспіратар, не стрываў — пекануў дыскутанта адпаведным настрою матам, дадаўшы ў канцы, для страхоўкі, па-нямецку. Брыль.