нядба́йны, ‑ая, ‑ае.
Які абыякава, нядобрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў, спраў; лянівы. Быў тут раней брыгадзірам чалавек нядбайны і ўсё давёў да крайнасці. Кулакоўскі. І сынам трохі нездаволены дзед: нядбайны. Паспаць любіць. То печы, то жонкі пільнуецца. Колас. // Які сведчыць аб чыёй‑н. абыякавасці, нядобрасумленнасці. Нядбайныя адносіны да працы.
нядба́йства, ‑а, н.
Абыякавыя, нядобрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў, спраў. [Ваўчок:] — За нядбайства, за злоўжыванне маім давер’ем буду аддаваць пад суд і не пагляджу ні на якія прычыны. Хадкевіч.
нядба́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць нядбалага; нядбалыя, неруплівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Невялічкая вёска ў адну вуліцу выглядала непрыветна і непрытульна. На ўсім ляжала пячаць нядбаласці і нейкай недаробленасці. Колас.
нядба́лец, ‑льца, м.
Разм. Нядбалы, лянівы чалавек. Бяда няўмекам і нядбальцам, Хто шнур зжуе няроўным плехам — Антось яго ўжо дойме смехам. Колас.
нядба́лы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і нядбайны. Гаварыў [Мікуць] усё, гаварыў. Пра нядбалых гаспадароў, пра тое, што і ўдалы, і дбалы гаспадар не заўсёды можа жыць, як трэба. Чорны. Афіцэры з нядбалай важнасцю дакрануліся да казыркоў. Брыль.
нядба́льства, ‑а, н.
Тое, што і нядбайства. Маці папікала бацьку «нежыццёвасцю», нядбальствам, тратай грошай і часу на пустое. Брыль.
нядзе́йсны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якому не ўласціва дзейснасць. Нядзейсныя меры.
нядзе́льнік, ‑а, м.
Калектыўная добраахвотная грамадска карысная праца, якая выконваецца ў нядзелю. Не аднойчы на маладзёжных нядзельніках Ванжын працаваў, будуючы стадыён. Шыцік.