мізэ́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі малы, нязначны. Вёска бедная. У большасці сялян надзелы вельмі мізэрныя. Сяргейчык. У батарэях рацыі засталіся апошнія мізэрныя рэшткі энергіі. Мележ. Сяргей .. востра адчуў, якія мізэрныя былі ўсе яго ранейшыя хваляванні ў параўнанні з тым, што рабілася цяпер у яго душы. Сіўцоў.
2. Схуднелы, худы. Мізэрныя, абарваныя стаялі сіроткі. Бядуля. Мікалай з замілаваннем глядзеў на .. [Верын] мізэрны маленькі твар. Дамашэвіч. // Чэзлы, чахлы (пра расліны). Абышоўшы пасевы ярыны, пастаяўшы каля мізэрнага жыта, .. [Шаманскі] падаўся на двор трэцяй брыгады. Дуброўскі.
3. перан. Які не мае належнага выгляду, убогі; бедны. У фае тэатра цыганскім табарам размясціўся калектыў са сваімі сем’ямі і мізэрнымі пажыткамі. Сяргейчык. Сляпянка некалі вылучалася сваімі мізэрнымі, падслепаватымі хатамі. Новікаў. // Несамавіты; дробны, малы. Вясёлая баявая Насця Чычка, ёмкая, з мужчынскімі ўхваткамі, бураю налятае на мізэрнага Міхайлу Драбка. Колас.
4. перан. З якім не лічацца, не паважаюць, які выклікае адмоўныя пачуцці; нікчэмны. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.
[Ад лац. miser — бедны.]
міка́да, нескл., м.
Тытул японскага імператара. // Асоба, якая носіць гэты тытул.
[Яп. mikado.]
мікалагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мікалогіі.
мікало́гія, ‑і, ж.
Раздзел батанікі, які вывучае грыбы.
[Ад грэч. mykēs — грыб і logos — вучэнне.]
мікары́за, ‑ы, ж.
Спец. Грыбныя ніці, якія ахутваюць карэнні вышэйшых раслін. Ужо даўно было заўважана, што карэнні многіх дрэў ахутаны тоўстым слоем грыбных ніцей, якія называюцца мікарызай. Гавеман.
[Ад грэч. mykēs — грыб і rhiza — корань.]
міко́лаг, ‑а, м.
Спецыяліст у галіне мікалогіі.
мікра...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: а) вельмі малы, дробны, напрыклад: мікраарганізм, мікрараён; б) звязаны з вывучэннем або вымярэннем вельмі малых прадметаў, велічынь, напрыклад: мікрааналіз, мікраскоп, мікрабіялогія; в) мільённая доля адзінкі меры, названай у другой частцы складанага слова, напрыклад: мікраампер, мікравольт.
[Ад грэч. mikrós — маленькі, малы.]
мікраампе́р, ‑а, м.
Спец. Мільённая частка ампера.
мікрааргані́зм, ‑а, м.
Нябачны простым вокам раслінны або жывёльны арганізм. Па думцы многіх вучоных, якая зараз не выклікае пярэчанняў, піянерамі жыцця на Зямлі былі мікраарганізмы. «Беларусь».
[Ад грэч. mikrós — маленькі і арганізм.]
мікрааўто́бус, ‑а, м.
Легкавы аўтамабіль з мнагамесным кузавам.