зніза́цца, зніжацца; зак.
Разм. Злучыцца, змацавацца пры знізванні, нанізванні.
зніза́ць, зніжу, зніжаш, зніжа; зак., што.
Разм. Нанізваючы на нітку, дроцік і пад., злучыць. Знізаць бісер. // Зрабіць знізваннем, нанізваннем. Знізаць каралі.
зні́званне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. знізваць — знізаць.
зні́звацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да знізацца.
2. Зал. да знізваць.
зні́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да знізаць.
зні́зіцца, зніжуся, знізішся, знізіцца; зак.
1. Спусціцца ніжэй, апусціцца ўніз. Васька глядзіць на сонца, якое знізілася над далёкаю вёскай. Лынькоў. Бусел зрабіў некалькі кругоў над балотам, знізіўся і сеў. Дуброўскі. // перан. Паставіць сябе ў нізкае становішча; унізіцца. Некалькі разоў ён хацеў было спытаць парады ў Візэнера, але гонар не дазволіў яму знізіцца да гэтага. Шамякін.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць ніжэйшым, малым (пра ступень, велічыню, інтэнсіўнасць чаго‑н.); зменшыцца. Тэмпература знізілася. Цэны знізіліся. Сабекошт прадукцыі знізіўся. □ Па .. тоне мы зразумелі, што інтарэс дзяўчат да нашых асоб неяк адразу знізіўся. Лынькоў. // Стаць ніжэйшым па якасці або значнасці, важнасці. Аўтарытэт знізіўся. // Стаць ніжэйшым па тону, па гучанню (пра голас, гук і пад.). Вольчын голас раптам, нібы ад спалоху, знізіўся. Кулакоўскі.
зні́зіць, зніжу, знізіш, знізіць; зак., што.
1. Зменшыць вышыню чаго‑н., апусціць уніз, ніжэй. Знізіць самалёт над аэрадромам.
2. Зрабіць ніжэйшым, малым (ступень, велічыню, інтэнсіўнасць чаго‑н.); зменшыць. Знізіць цэны. Знізіць хуткасць. Знізіць патрабаванні. // Зрабіць ніжэйшым (якасць або значнасць, важнасць чаго‑н.). Знізіць літаратурнае майстэрства. // Зрабіць (гук, голас і пад.) ніжэйшым па тону, менш гучным. [Паненка] знізіла голас да шэпту: — Не хадзі, Казюня. Чарнышэвіч.
•••
Знізіць тон — пачаць гаварыць больш спакойна. Апанас знізіў тон і горача зашаптаў нешта Вадалею і Сучку. Пестрак.
зні́зу, прысл.
1. З ніжняга боку. Схапіўшыся за грудзі, жанчына .. нахілілася і цяжка ўпала ля вялікага каменя, абросшага знізу зелянявым слізкім мохам. Лынькоў. // Пад чым‑н., ніжэй чаго‑н., размешчанага зверху. У жанчыны на галаве было дзве хусткі: зверху чорная, знізу белая.
2. У ніжняй частцы, унізе. Цёмна-зялёныя знізу камлі Быццам абцягнуты замшай тугою. Лужанін.
3. У напрамку к верху; з якога‑н. месца, размешчанага ўнізе. Знізу хлынула пара, перамешаная з дымам, смуродным ды ўдушлівым. Гартны. // З боку ніжэйшых класаў, слаёў насельніцтва; з боку масы. — Пасля смерці брата прыехаў сюды ненадоўга, а застануся тут, мабыць, да тае пары, пакуль зверху ці знізу скамандуюць: «стоп, машына!» Самуйлёнак.
•••
Знізу даверху гл. даверху.
зніка́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. знікаць — знікнуць. І толькі буйная, сакавітая трава зялёным шырокім кустом разрасталася на месцы знікання крынічкі. Колас.
зніка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да знікнуць.