Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дынамаме́трыя, ‑і, ж.

У антрапалогіі і медыцыне — вымярэнне сілы мускулаў чалавека пры дапамозе спецыяльных прыбораў.

[Ад грэч. dýnamis — сіла і metreo — вымяраю.]

дынамі́зм, ‑у, м.

Уласцівасць дынамічнага. Дынамізм падзей.

дына́мік, ‑а, м.

Скарочаная агульнапрынятая назва электрадынамічнага гучнагаварыцеля. Зычна пераклікаліся гудкамі паравозы, спявалі стрэлачныя ражкі, а з сартавальнай горкі раз-пораз далятаў узмоцнены дынамікам голас дзяжурнага: «Два вагоны на чацвёрты пуць!..» Васілёнак.

дына́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

1. Раздзел механікі, які вывучае рух цел, выкліканы ўздзеяннем на іх знешніх сіл. Законы дынамікі.

2. Стан руху, ход развіцця, змянення чаго‑н. Дынаміка гістарычных падзей. Дынаміка росту прадукцыйнасці працы. // перан. Рух, дзеянне. Багацце дынамікі ў драматычным творы. □ Маці аладкі пячэ. Бабка кароўку доіць. Тата хамут ладзіць. Цюцька брэша. Поўная дынаміка жыцця. Бядуля.

3. У музыцы — сіла гучання.

дынамі́т, ‑у, М ‑міце, м.

Выбуховае рэчыва, асноўнай састаўной часткай якога з’яўляецца нітрагліцэрына. А ў часе будаўніцтва ўсё наўкола грымела ўзрывамі дынаміту і аманалу. Галавач.

[Ад грэч. dynamis — сіла.]

дынамі́тавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дынамітны.

дынамі́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дынаміту. // Прыгатаваны з дынаміту, начынены дынамітам. Дынамітная шашка.

дынамі́тчык, ‑а, м.

Той, хто працуе з дынамітам; падрыўнік.

дынамі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дынамічнага. Дынамічнасць развіцця. Дынамічнасць падзей.

дынамі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дынамікі (у 1 знач.); звязаны з рухам, з дзеяннем сілы. Дынамічная тэорыя.

2. Багаты рухам, дзеяннем, унутранай сілай. Дынамічная музыка. Дынамічны вобраз. □ Наша партыя выходзіць з таго, што развіццё і ўзаемаўзбагачэнне культур народаў СССР, памнажэнне іх духоўных багаццяў — працэс дынамічны і няспынны. Машэраў.

•••

Дынамічная геалогія — раздзел геалогіі, які вывучае працэсы, што бесперапынна змяняюць састаў і будову зямной кары.