ускалы́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ускалыхаць (у 1 знач.), ускалыхнуць.
ускалыхну́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ускалыхнуць.
ускалыхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Пачаць калыхацца. Ускалыхнуўся стромкі лес, Запелі нетры, Вяршаліны старых дубоў Аж загулі. Глебка. // перан. Ажывіцца, пачаць дзейнічаць. Зала ўскалыхнулася і зашумела... Пестрак. Пачуўшы волю, народ ускалыхнуўся, пацягнуўся насустрач сваім вызваліцелям. Дуброўскі.
2. перан. Пачаць хвалявацца, трывожыцца. Хіба не ўскалыхнецца, поўнячыся ціхім, прыемным смуткам, душа, не затрапеча сэрца, не павее халадком у грудзях пры адным успаміне, што хутка расстанне. Навуменка.
ускалыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Прывесці ў рух, прымусіць калыхацца. Набег цёплы ветрык і ўскалыхнуў возера. Кандрусевіч. Раптам паветра ўскалыхнуў выбух. Сіняўскі. // перан. Ажывіць, абудзіць. Якія ж патрэбны навальніцы і громы, каб ускалыхнуць гэтую цішыню і абудзіць чалавечыя думкі, пачуцці, імкненні! Колас. [Салдат] паддаў ходу і праз паўгадзіны ўвайшоў у гарадок. Тут ён спаткаў ажыўленне: рэвалюцыя ўжо ўскалыхнула гэтае глухое месца. Чорны.
2. перан. Усхваляваць, устрывожыць. Але ў тым і справа, што Веньямін хоча сустрэць асаблівую дзяўчыну — прыгожую, разумную, якая б ускалыхнула ўсю яго душу. Навуменка. Разумнае, светлае, вечнае сеяць Лектар вядомы прыехаў да нас; Сяло ўскалыхнула такая падзея: Загадзя ў клубе сабраўся калгас. Непачаловіч. Тры дні назад увесь свет ускалыхнула цудоўная навіна: Савецкі касмічны карабель вярнуўся на Зямлю! «Звязда».
ускапа́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ускапаць.
2. у знач. прым. Узрыхлены, размякчаны (пра глебу). Ускапаныя грады. □ [Кінамеханік] дабраўся да ўскапанага жоўтага пяску, зазірнуў пад вывернуты корч, тупнуў туды ботам. Паўлаў.
ускапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Капаючы, узрыхліць верхні пласт зямлі. Ускапаць агарод. □ Хлопчык выбраў адну такую палянку, старанна ўскапаў зямлю і папрасі маці дапамагчы пасеяць насенне. Мяжэвіч. // Узрыць. За рэчкай — лужок, увесь у [калдобінах], так яго ўскапалі лычамі свінні з саўгаснай фермы, дзе Даша працуе свінаркай. Хомчанка.
ускара́бкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Карабкаючыся, узлезці, залезці наверх. Зрушваючы абломкі цэглы, баец ускарабкаўся на кучу друзу. Быкаў. [Адам] далей кідаў каменем, мог ускарабкацца на самы высокі слуп, добра свістаў у два пальцы. Навуменка.
ускара́бквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да ускарабкацца.
ускара́скацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Тое, што і ускарабкацца. Байцы акружылі з усіх бакоў хату, хтосьці забег у сенцы, двое ўскараскаліся на страху. Хомчанка. Сухоцкі спрытна ўскараскаўся на абрывісты бераг, і адразу ж яго паглынула цемра. Курто.
ускара́сквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да ускараскацца.