ускалыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Прывесці ў рух, прымусіць калыхацца. Набег цёплы ветрык і ўскалыхнуў возера. Кандрусевіч. Раптам паветра ўскалыхнуў выбух. Сіняўскі. // перан. Ажывіць, абудзіць. Якія ж патрэбны навальніцы і громы, каб ускалыхнуць гэтую цішыню і абудзіць чалавечыя думкі, пачуцці, імкненні! Колас. [Салдат] паддаў ходу і праз паўгадзіны ўвайшоў у гарадок. Тут ён спаткаў ажыўленне: рэвалюцыя ўжо ўскалыхнула гэтае глухое месца. Чорны.
2. перан. Усхваляваць, устрывожыць. Але ў тым і справа, што Веньямін хоча сустрэць асаблівую дзяўчыну — прыгожую, разумную, якая б ускалыхнула ўсю яго душу. Навуменка. Разумнае, светлае, вечнае сеяць Лектар вядомы прыехаў да нас; Сяло ўскалыхнула такая падзея: Загадзя ў клубе сабраўся калгас. Непачаловіч. Тры дні назад увесь свет ускалыхнула цудоўная навіна: Савецкі касмічны карабель вярнуўся на Зямлю! «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)