Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скрыжо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скрыжаваць.

скрылёк, ‑лька, м.

Тое, што і скрылік. Скрылёк каўбасы. Скрылёк гурка. □ У газеціне быў загорнуты кавалак хлеба, агурок і скрылёк сала. Асіпенка. Хадакі прыселі на лаўцы каля плота, дасталі з торбы хлеб і па скрыльку сала, каб перакусіць з дарогі. Пальчэўскі.

скры́лік, ‑а, м.

Памянш. да скрыль; невялікі скрыль чаго‑н. для яды. Стол быў небагаты — тонкія скрылікі каўбасы на талерцы, падсмажаная на маргарыне бульба, крупнік, запраўлены кансервамі. Хадкевіч. Тонкія скрылікі бульбы зляталі з нажа ў гарачы тлушч. Савіцкі.

скрыль, ‑я, м.

Адрэзаны вялікі кусок чаго‑н. для яды. Гаспадыня ўжо завіхалася каля стала, на якім стаяла вялікая міска з буйнымі скрылямі ружаватага сала. Новікаў. Пасля, ужо дома, Алесь аберуч трымае зярніста-чырвоны кавуновы скрыль і есць яго — ажно за шыю пацякла. Брыль. // Адбіты, адламаны і пад. кавалак чаго‑н. І для машын няма цяпер спакою: Вывозяць снег, скрылі ільду, як шкло. Тармола.

скрыля́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скрыляць.

скрыля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.

Разм. Нарэзваць скрылікамі. Тым часам на патэльні скваркі напомнілі пра сябе, яны пачалі сквірч[э]ць на розныя лады. Аўген заспяшаўся скрыляць бульбу. Сапрыка. Ксеня .. скрыляе скрэбеную бульбу ў гаршчок. Калюга.

скры́начка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да скрынка.

2. Шкатулка. Я вырэзваў з дрэва пеналы, скрыначкі, пакрываў іх лакам, пасля чаго наводзіў прыгажосць разьбой. Бядуля.

скры́начны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скрынкі. Скрыначны замок.

скрындо́ла, ‑ы, ж.

Уст. Аглобля сахі.

скры́невы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скрыні. Скрыневае века.