Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нягрэ́блівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нягрэблівага.

нягрэ́блівы, ‑ая, ‑ае.

Які не вызначаецца грэблівасцю. Нягрэблівы чалавек.

нягу́ста,

1. Прысл. да негусты.

2. безас. у знач. вык. Разм. Мала, нямнога. Людзей у кіно было пакуль што нягуста. Вышынскі.

нягу́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Ціхі, слаба чутны. Пачуецца нягучны голас, — пачуецца і сціхне. Багдановіч. [Машына] бегла хутка — матор аднастайна цягнуў сваю нягучную песню. Грамовіч.

2. Які не мае належнага гучання; невыразны. Канстанцін Міхайлавіч паказвае недакладныя выразы, нягучныя радкі. Лужанін.

няда́ўна, прысл.

Не так даўно. Сцены нядаўна пабелены вапнаю. Чорны. За працай ніхто не заўважаў, як хутка ляціць час. Здавалася, зусім нядаўна абедалі, а тут ужо і змяркацца пачынае. Нядзведскі.

няда́ўні, ‑яя, ‑яе.

1. Які адбыўся ў недалёкім мінулым, незадоўга да сучаснага моманту. Хай змываюць хмары чыстымі дажджамі След вайны нядаўняй, што прайшла лясамі. Куляшоў. // Які існуе мала часу, узнік, з’явіўся нядаўна. Нядаўняе знаёмства. □ Старэюць многія нядаўнія песні. Караткевіч.

2. Які быў кім‑н. незадоўга да сучаснага моманту. [Ніна] ішла.. па вуліцы Мінска і раптам сустрэла свайго нядаўняга педагога. Шчарбатаў. [Каця] чакала Аўдоццю, але тая доўга не выходзіла з хаты. — Каго пільнуеце? — Да яе падышоў хлопец, нядаўні сусед. Гаўрылкін.

нядба́йла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай, ж.

Разм. Той (тая), хто абыякава адносіцца да сваіх абавязкаў, да справы; лянівы. Нядбайлы не шануюць бацькавага і свайго нічога не здабываюць, а ў гаспадарлівых дзяцей нават дзедаўскае ў пашане, хоць усё зроблена па-свойму. Пшыркоў.

нядба́йлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і нядбайны.

нядба́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць нядбайнага. — Я разумею сваю нядбайнасць і памылку, — сказала Таня да ўсіх прысутных. Грамовіч.

2. Нядбайныя, неруплівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Машыніст .. праявіў нядбайнасць, не ўжыў загадзя неабходных мер, якія б забяспечылі нармальны рух поезда. Васілёнак.

нядба́йнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто нядбайна адносіцца да сваіх абавязкаў, да справы. Разам з іншымі рабочымі Вроня змагаецца з безгаспадарнасцю, з нядбайнікамі, з-за якіх шмат прадукцыі ідзе ў брак. Кудраўцаў.