зве́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да звеяць.
звекава́ць, звякую, звякуеш, звякуе.
Зак. да векаваць.
зве́ку, прысл.
З даўніх часоў, спрадвеку. — Ці нарадзіўся ў вашай вёсцы хоць адзін вялікі чалавек? — Ды не. У нас звеку нараджаюцца толькі маленькія дзеці. «Вожык». // Зроду, ад нараджэння. Ён звеку глухі.
звелікаду́шнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Зак. да велікадушнічаць.
звеннявы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да звяна (у 3 знач.). Звеннявы метад. Звеннявы сход.
2. у знач. наз. звеннявы́, ‑ога, м.; звеннява́я, ‑ой, ж. Кіраўнік (кіраўніца) звяна (у 3 знач.). Звеннявы ільнаводчага звяна. Звеннявы піянерскага звяна. □ Іншы раз інжынер падаваў думку, а брыгадзіры, звеннявыя і проста шахцёры разбівалі яе і ажыццяўлялі на практыцы. Кулакоўскі.
звер, ‑а; мн. звяры, ‑оў; м.
1. Дзікая, звычайна драпежная жывёла. Драпежны звер. □ — Мядзведзь! — прахрыпеў Тадэўчык і адскочыў ад агню, каб лепей было з цемры ўглядацца ў звера. Бядуля. / у знач. зб. Сібір багата пушным зверам.
2. Пра вельмі злога, жорсткага чалавека. Ззялі маладзіцу са свету сямейнікі. Свёкар быў звер і скупеча. Брыль.
•••
Глядзець (пазіраць) зверам гл. глядзець.
звера...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: а) слову «звер», напрыклад: звераводства; б) слову «звераводчы», напрыклад: зверасаўгас, звераферма.
зверабо́й 1, ‑я, м.
Паляўнічы на марскога звера (маржа, цюленя і пад.). Не паспеў Рынтын дагаварыць, як адзін са зверабояў спрытна кінуў у шырачэзную цёмную спіну маржа гарпун. Бяганская.
зверабо́й 2, ‑ю, м.
1. Травяністая лекавая расліна; святаяннік. Кволы ветрык даносіў з расяністага лугу водар валяр’яны, перамешаны з гаркавасцю лазы і зверабою. Кандрусевіч.
2. Гарэлка, настоеная на гэтай расліне.
зверабо́йны 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да палявання на марскога звера. Зверабойнае судна. Зверабойны промысел.
зверабо́йны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да зверабою 2.