Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

апаля́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. апалячваць — апалячыць і стан паводле знач. дзеясл. апалячвацца — апалячыцца.

апаля́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да апалячыцца.

2. Зал. да апалячваць.

апаля́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да апалячыць.

апаля́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Засвоіць мову, звычкі, культуру палякаў; стаць падобным да паляка. У абвінавачанні нават гаварылася, што Крупскі апалячыўся — маўляў, гаворыць з падначаленымі па-польску і нават танцуе мазурку. Сіпакоў.

апаля́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго.

Прымусіць апалячыцца. [Люба:] І вы, дзядзька, далі сябе апалячыць?! Проста не хочацца верыць у гэта. Козел.

апа́мятацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пасля моцнага душэўнага ўзрушэння, перажывання, разгубленасці зноў пачаць спакойна разважаць і дзейнічаць. — Як ты сюды трапіла? — першая апамяталася Валя. Карпаў. Не чакаючы, пакуль немцы апамятаюцца,.. Туравец загадаў адыходзіць. Мележ.

2. Адумаўшыся, зразумець памылковасць сваіх паводзін, адмовіцца ад сваіх намераў. [Лабыш:] Дачушка! Апамятайся, што ты гаворыш! Козел.

3. Прыйсці да памяці; апрытомнець. [Людвік:] — А як мае быць апамятаўся я праз некалькі дзён у шпіталі. Чорны.

4. Агледзецца, заўважыць. Мы і не апамяталіся, як мінуўся мамін адпачынак. Якімовіч.

апанава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад апанаваць.

апанава́ць, ‑нуе; зак., каго-што.

1. Ахапіць, авалодаць поўнасцю (пра настрой, думкі, пачуцці, а таксама пра фізічны стан чалавека). [Таццяна:] — Сэрца адзінокае апануе сум. Глебка. Толькі ўжо за вёскай.. [Наташу] апанаваў страх. Шамякін. Але ногі чамусьці не слухаліся, вяласць апанавала ўсё цела. Шахавец. // Перамагчы, узяць верх (над настроем, думкамі, пачуццямі і пад.). Але нешта на гэты раз стрымала.. [Сашу], нешта апанавала яго звычайную рашучасць. Мележ.

2. Напасці ў вялікай колькасці, акружыць з усіх бакоў. Калі ж апанавалі ганчакі,.. [воўк] агрызнуўся, шчэрачы клыкі. Танк. Некалькі местачковых балаголаў апанавалі Лабановіча і цягнулі яго кожны на сваю фурманку, вырываючы з рук чамаданы. Колас. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Сястра раней працавала, а цяпер дзеці апанавалі. Дамашэвіч.

апане́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто выступае на публічным дыспуце, у публічнай спрэчцы з абвяржэннем чыіх‑н. доказаў, палажэнняў і пад. І вось Кухарчыкава дысертацыя гатова. Яна ляжыць у галоўнага апанента, доктара навук, прафесара Мітрафана Іванавіча Сініцкага. Сабаленка. // Наогул той, хто выступае як праціўнік у спрэчцы. Багдановіч быў не так вучань Карскага, як яго паплечнік і апанент. Лойка.

[Ад лац. opponens, opponentis — які пярэчыць.]

апане́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да апанент.