апаля́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. апалячваць — апалячыць і стан паводле знач. дзеясл. апалячвацца — апалячыцца.
апаля́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да апалячыцца.
2. Зал. да апалячваць.
апаля́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апалячыць.
апаля́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Засвоіць мову, звычкі, культуру палякаў; стаць падобным да паляка. У абвінавачанні нават гаварылася, што Крупскі апалячыўся — маўляў, гаворыць з падначаленымі па-польску і нават танцуе мазурку. Сіпакоў.
апаля́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго.
Прымусіць апалячыцца. [Люба:] І вы, дзядзька, далі сябе апалячыць?! Проста не хочацца верыць у гэта. Козел.
апа́мятацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пасля моцнага душэўнага ўзрушэння, перажывання, разгубленасці зноў пачаць спакойна разважаць і дзейнічаць. — Як ты сюды трапіла? — першая апамяталася Валя. Карпаў. Не чакаючы, пакуль немцы апамятаюцца,.. Туравец загадаў адыходзіць. Мележ.
2. Адумаўшыся, зразумець памылковасць сваіх паводзін, адмовіцца ад сваіх намераў. [Лабыш:] Дачушка! Апамятайся, што ты гаворыш! Козел.
3. Прыйсці да памяці; апрытомнець. [Людвік:] — А як мае быць апамятаўся я праз некалькі дзён у шпіталі. Чорны.
4. Агледзецца, заўважыць. Мы і не апамяталіся, як мінуўся мамін адпачынак. Якімовіч.
апанава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад апанаваць.
апанава́ць, ‑нуе; зак., каго-што.
1. Ахапіць, авалодаць поўнасцю (пра настрой, думкі, пачуцці, а таксама пра фізічны стан чалавека). [Таццяна:] — Сэрца адзінокае апануе сум. Глебка. Толькі ўжо за вёскай.. [Наташу] апанаваў страх. Шамякін. Але ногі чамусьці не слухаліся, вяласць апанавала ўсё цела. Шахавец. // Перамагчы, узяць верх (над настроем, думкамі, пачуццямі і пад.). Але нешта на гэты раз стрымала.. [Сашу], нешта апанавала яго звычайную рашучасць. Мележ.
2. Напасці ў вялікай колькасці, акружыць з усіх бакоў. Калі ж апанавалі ганчакі,.. [воўк] агрызнуўся, шчэрачы клыкі. Танк. Некалькі местачковых балаголаў апанавалі Лабановіча і цягнулі яго кожны на сваю фурманку, вырываючы з рук чамаданы. Колас. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Сястра раней працавала, а цяпер дзеці апанавалі. Дамашэвіч.
апане́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Той, хто выступае на публічным дыспуце, у публічнай спрэчцы з абвяржэннем чыіх‑н. доказаў, палажэнняў і пад. І вось Кухарчыкава дысертацыя гатова. Яна ляжыць у галоўнага апанента, доктара навук, прафесара Мітрафана Іванавіча Сініцкага. Сабаленка. // Наогул той, хто выступае як праціўнік у спрэчцы. Багдановіч быў не так вучань Карскага, як яго паплечнік і апанент. Лойка.
[Ад лац. opponens, opponentis — які пярэчыць.]
апане́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да апанент.