Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стыля́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Паводзіць сябе як стыляга.

стыля́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стылягі, належыць або ўласцівы яму. Дагэтуль .. [Славік] дэманстратыўна, знаёміў сваіх стыляжных сяброў з рабочай дзяўчынай і пляваў на іх кпіны. Шамякін. Паўстае пытанне, як мог існаваць такі стыляжны тып у асяроддзі простых калгасных людзей? «ЛіМ».

сты́мул, ‑у, м.

Пабуджальная прычына, якая падахвочвае на ажыццяўленне чаго‑н. Стымул росту. Стымул павышэння прадукцыйнасці працы. □ Паспяховае і справядлівае вырашэнне нацыянальнага пытання ў СССР на аснове прынцыпаў марксізма-ленінізма дало новы стымул вызваленчай барацьбе народаў каланіяльных і залежных краін. «Звязда». [Ліннік:] — Культурна-асветная работа ёсць найвялікшы стымул ва ўмацаванні працоўнай дысцыпліны. Савіцкі.

[Лац. stimulus.]

стымулю́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад стымуляваць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які з’яўляецца стымулам. Стымулюючая роля. □ Выкладанне .. граматыкі, рыторыкі, піітыкі і дыялектыкі з’явілася стымулюючым фактарам для насычэння мовы навучэнцаў іншамоўнымі словамі, што не магло не адлюстравацца і ў пісьменнасці. Жураўскі.

3. Дзеепрысл. незак. ад стымуляваць.

стымулява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стымуляваць.

стымулява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стымуляваць.

стымулява́цца, ‑люецца; незак.

Зал. да стымуляваць.

стымулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., каго-што.

Паскорыць (паскараць) або ўзмацніць (узмацняць) ажыццяўленне чаго‑н. Стымуляваць развіццё раслін. Стымуляваць развіццё жывёлагадоўлі. □ Людзі працы ўмеюць пастаяць за плён сваёй працы, за свае здабыткі, за сваю свабоду. Бо толькі свабода стымулюе стваральную працу. «Звязда».

стымуля́тар, ‑а, м.

1. Рэчыва, якое стымулюе развіццё раслін і жывёл. Аказваецца, што калі з .. [кук[о]лю] дастаць тую атруту і ў самым малым памеры даць яе на палеткі, дык яна робіцца стымулятарам і павялічвае ўраджай жыта ці пшаніцы напалову. Дубоўка.

2. Лекавы прэпарат, які выкарыстоўваецца для павышэння разумовай і фізічнай працаздольнасці, для паляпшэння самаадчування. // перан. Пра ўсё, што стымулюе творчую актыўнасць.

3. Тое, што і допінг.

стымуля́цыя, ‑і, ж.

Выкарыстанне стымулятара.