Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

інтэрнацыяналі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Прыхільнік, паслядоўнік інтэрнацыяналізму.

інтэрнацыяналі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да інтэрнацыяналіст.

інтэрнацыяналісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інтэрнацыяналізму, заснаваны на інтэрнацыяналізме.

інтэрнацыяналі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інтэрнацыяналізму, інтэрнацыяналіста. Можна назваць многа твораў, якія ўдала перадаюць інтэрнацыяналісцкія пачуцці беларускага народа. «Полымя».

інтэрнацыяна́льнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Міжнароднасць, многанацыянальнасць. Інтэрнацыянальнасць рабочага руху.

інтэрнацыяна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Міжнародны. Інтэрнацыянальнае адзінства рабочага класа. // Многанацыянальны. Інтэрнацыянальны батальён. □ Да нас у атрад пачалі прыходзіць немцы, чэхі, палякі, французы, італьянцы. Праз год у нас ужо быў цэлы інтэрнацыянальны ўзвод. Сіняўскі. Наш невялічкі калектыў камунараў-чырвонаармейцаў быў інтэрнацыянальным: у нас былі і рускія, і ўкраінцы, і беларусы, і яўрэі. «Маладосць».

2. Які адпавядае прынцыпам інтэрнацыяналізму, заснаваны на прынцыпах інтэрнацыяналізму. Інтэрнацыянальнае выхаванне працоўных. Інтэрнацыянальная пралетарская салідарнасць.

інтэрні́раванне, ‑я, н.

Затрыманне нейтральнай дзяржавай на сваёй тэрыторыі ўзброеных сіл дзяржаў, якія знаходзяцца ў стане вайны, а таксама затрыманне ваюючай дзяржавай на сваёй тэрыторыі і пазбаўленне волі грамадзян варожай дзяржавы.

[Ад лац. internus — унутраны.]

інтэрні́раваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад інтэрніраваць.

2. у знач. прым. Затрыманы, спынены; пазбаўлены волі. Спроба дабіцца праз Савет рабочых дэпутатаў абмену на інтэрніраваных немцаў таксама нічога не дала. Гурскі. // у знач. наз. інтэрні́раваны, ‑ага, м.; інтэрні́раваная, ‑ай, ж. Лагер для інтэрніраваных.

інтэрні́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да інтэрніраваць.

інтэрні́раваць, ‑ірую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Зрабіць (рабіць) інтэрніраванне каго‑, чаго‑н. Інтэрніраваць войскі. Інтэрніраваць флот.