ску́рчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скурчыць.
ску́рчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. Сціснуцца ўсім целам, скруціцца, згорбіцца. Скурчыцца ад холаду. □ Мікола падцягнуў пад сябе ногі і скурчыўся, каб не замінаць вадзіцелю. Новікаў. Сцёпа скурчыўся, чакаючы, што бацька вось-вось яго ўдарыць. Курто.
2. Сагнуцца, падагнуцца. Пальцы рук.. [Гушкі] сціснуліся, скурчыліся. Чорны.
3. Зрабіцца няроўным, пагнутым; скруціцца, скрывіцца, выгнуцца. Альховы параснік на правым баку дарогі быў ссечаны, і лісце на галінах скурчылася і было зусім чорнае. Савіцкі.
ску́рчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Звесці курчам. Хвароба скурчыла старога. / у безас. ужыв. Пры гэтых словах палкоўніка скурчыла неяк. Галавач.
2. Сагнуць, падагнуць. Між густых кустоў у мох Грышка змораны прылёг, Скурчыў ногі абручом І заснуў салодкім сном. А. Александровіч.
скурыстакры́лыя, ‑ых.
Атрад прамакрылых насякомых; вухавёрткі.
скуры́цца, скурыцца; зак.
Зрасходавацца пры курэнні; дакурыцца. Папяроска скурылася, і стала сумна. Пестрак.
скуры́ць, скуру, скурыш, скурыць; зак., што.
Курачы, зрасходаваць; дакурыць. Як скурылі па папяросе, зноў узяліся за работу. Чорны. [Шавец:] — А вось гэтыя тры цыгары — мой падарунак. Занясі іх абавязкова, ды глядзі не скуры па дарозе. Асіпенка.
скуса́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад скусаць.
скуса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Укусіць у многіх месцах, моцна пакусаць. Хлопца скусалі камары. □ Чалавек малады, прыгожы, Вусны скусаў — трывае. Маляўка.
ску́сванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скусваць — скусіць.
ску́свацца, ‑аецца; незак.
Зал. да скусваць.