нягну́ткі, ‑ая, ‑ае.
Які не можа згінацца, гнуцца. На кароткіх прывалах [салдаты] падалі ў снег, скручвалі нягнуткімі пальцамі цыгаркі. Марціновіч. Нават дзядзька Каленік з маўклівым Фрэдам знялі чорныя, нягнуткія, быццам бляшаныя, фартухі і дапамагалі збіраць сцены дома. Даніленка.
няго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. звычайна мн. (няго́ды, няго́д і ‑аў). Няшчасце, ліхая гадзіна; непрыемнасці. Прамінуў час бяды і нягод, Каб ён больш не прыходзіў ніколі! Астрэйка. Як ні кажы: удваіх усё-такі лягчэй жыццёвыя нягоды пераадольваць, чым аднаму. Ігнаценка.
2. Дрэннае надвор’е; непагода. На дварэ нягода крыху супакоілася. Вецер сціх, толькі церушыўся дробны рэдзенькі дождж. Чарнышэвіч. Цёплаю парою, калі не было нягоды, Канстанцін Міхайлавіч сядзеў заўсёды.. [пад вязам]. Лужанін.
няго́днік, ‑а, м.
Чалавек ганебных, несумленных паводзін; нізкі чалавек. Муж аказаўся нягоднікам. Лёля пакідае яго. Хадкевіч. — Я пагарджаю табой. Ты — баязлівец, вось хто, — даляцеў з зямлянкі жаночы голас. — Цябе судзіць трэба, расстраляць, нягодніка. Дзенісевіч. // Ужываецца як лаянкавае слова. [Палкоўнік:] — Устаць перада мной, нягоднік! Лынькоў.
няго́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Якога нельга выкарыстаць; непрыгодны, дрэнны. Нягодны праект. □ [Маразюк:] — А будзе ж час, што і ты, Антось Іванавіч, саступіш некаму месца, як я табе саступіў. — Ты не саступіў! — злосна адказаў Антось. — Цябе зволілі, як нягоднага гаспадара. Чарнышэвіч.
2. Нізкі ў маральных адносінах; паганы, нядобры. Язэп спачатку слухаў Кацю прыхільна, але потым не сцярпеў: — Такія, што і нашым і вашым служаць, — самыя нягодныя людзі. Асіпенка. [Мартын:] — Няма ў цябе сэрца, Аўгіня... Ты нягодная і няшчырая. Колас. / у знач. наз. няго́дны, ‑ага, м.; няго́дная, ‑ай, ж. [Дзед:] — Ох, нягодная, не хоча з Веркай гуляць. Ну, мы ж ёй пакажам. Колас.
няго́жа,
Разм.
1. Прысл. да нягожы.
2. безас. у знач. вык. Дрэнна, нядобра, непрыгожа. Аднойчы цётка Даша адчыніла прасторны пакой,.. аддала [хлопцам] сваю лямпу. — Мне кніжкі не чытаць, — сказала старая. А вам займацца без агню нягожа. Новікаў. — Толькі вось што, таварыш Сагура: я маю званне лейтэнанта, афіцэр, а вы часам пры ўсіх — Лёша ды Лёша. Гэтак нягожа. Ракітны.
няго́жы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Непрыдатны, нягодны. Нягожая рэч. // Дрэнны, паганы. Нягожы дзень.
няго́лены, ‑ая, ‑ае.
Які не пагаліўся; нябрыты. Чалавек быў няголены, і гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому позірку вачэй. Мележ. // Які даўно не галілі. [Максім] пастарэў гадоў на дваццаць. Вочы запалі і зрабіліся нерухомымі. Няголены твар так схуднеў, што выпіналі косці. Машара.
няго́рды, ‑ая, ‑ае.
Які не мае гордасці; просты, даступны. Нягорды чалавек.